«Адмовы не будзе!»
Пра службу ў Афганістане ўспамінае Валерый Лісаў з аграгарадка Мікіціха, які працуе механізатарам СУП «Лаўжанскае»
У студзені 1985 года Валерыю Лісаву споўнілася 18, а ў маі яго прызвалі на тэрміновую ваенную службу. У ваенкамаце адразу не сказалі, дзе будзе служыць, але сям’я здагадвалася – у Афганістане.
Дэсантную “вучэбку” праходзіў у горадзе Фергана па скарочанай праграме – за тры месяцы. Спецыяльнасць, на якую вучылі Валерыя – аператар супрацьтанкавай кіруемай ракеты. Вучэбны цэнтр размяшчаўся ў гарах: вучылі страляць з аўтамата Калашнікава, расказвалі, як і дзе можна схавацца ад ворага, каб быць незаўважным. Трэніравалі сілу духу і вынослівасць – нагружалі рукзакі пяском (больш за трыццаць кілаграмаў) – і ўверх, у горы, паскоранымі тэмпамі. Валерыю Лісаву, які нарадзіўся і вырас у Мазурыне, умеў хадзіць за плугам і працаваць фізічна, такія выпрабаванні не падаліся невыноснымі. І калі пасля «вучэбкі» ў яго спыталі, ці не супраць ён праходзіць тэрміновую ваенную службу ў Афганістане, ён горда адказаў: «Адмовы не будзе!».
Так наш зямляк апынуўся ў 56-й дэсантна-штурмавой брыгадзе, якая дыслацыравалася каля горада Гардэза, што ў паўднёвай частцы ад Кабула. Служыць пашчасціла з земляком Аляксандрам Капыловым з Мікалаева. «Вакол дыслакацыі брыгады, за 2-3 кіламетры ад яе, на раўніне размяшчалася некалькі так званых “кропак”, дзе разам з афіцэрамі налічваўся 21 чалавек, – успамінае Валерый. – Я быў прызначаны каманд-зірам аддзялення вадзіцеляў аўтамабіляў ГАЗ-66. Мы хадзілі на начныя і дзённыя пасты. Наша “кропка” была разлічана на 20 хвілін бою. А за гэты час павінна прыйсці на дапамогу брыгада. Пашанцавала, што такіх баёў не здарылася. Кожны месяц з брыгады і “кропак” збіраўся зводны атрад на ваенныя аперацыі. У іх я ўдзельнічаў 12 разоў».
Савецкія салдаты закладвалі ўзрыўчатку, прачэсвалі горы і цясніны (ущелья – рус.), суправаджалі калоны з прадуктамі. Хадзілі на перахопы караванаў са зброяй (часта душманы перапраўлялі яе на аслах паміж гор). Заходзілі з тылу – і пачынаўся бой. Іншы раз хаваліся ў цясніне і чакалі, калі пойдзе варожая разведка.
Аднойчы група савецкіх салдат, у складзе якой быў і Валерый Лісаў, нарвалася на варожую засаду. Завязаўся бой. Ад аўтаматнай чаргі ва ўпор загінуў маёр з разведкі і быў сур’ёзна паранены намеснік камандзіра ўзвода. Але ж савецкія салдаты ўзялі верх – паланілі семярых душманаў, адзін з якіх аказаўся ў спісе двухсотых. «Мы ведалі, што ў гарах могуць быць яшчэ ворагі, таму камандзір выклікаў па рацыі верталёт з салдатамі, і яны зверху дзеля бяспекі абстралялі схілы, прыкрылі нас пры выхадзе, – кажа Валерый. – Каб вызваліць сабе рукі (трэба было несці параненага намесніка камандзіра і загінуўшага маёра), мы нагрузілі рукзакамі са зброяй палонных спераду і ззаду. Груз атрымаўся ўнушальны – каля паўсотні кілаграмаў, з такім не збяжыш». За гэты бой Валерый Лісаў і яго баявыя таварышы былі ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».
Пасля двух гадоў службы Валерый Лісаў вярнуўся на радзіму. Спачатку працаваў слесарам, потым вывучыўся на машыніста экскаватара. Зараз механізатар першага класа – працуе на МТЗ-1523 з баронамі, плугамі, сеялкай. Кожны год – у перадавіках раёна, падае маладому пакаленню прыклад працавітасці. І калі б сёння запыталі, ці не супраць абараняць радзіму, то ён адказаў бы, як і ў далекім 1985-м…
У Валерыя Лісава надзейны тыл – сям’я: жонка Валянціна, для якой ён вырошчвае ружы, сын Аляксей, дачка Дар’я, унук Марк.
Ларыса ЗАЙЦАВА
Слова –– старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілю КАРПУШЭНКУ:
У раёне пражывае 51 воін-афганец, членамі раённай арганізацыі з’яўляюцца 38. Трымаем сувязь з грамадскімі арганізацыямі раёна, калегамі з іншых раёнаў, удзельнічаем як у раённых святочных мерапрыемствах, так і арганізаваных абласной ветэранскай арганізацыяй. Былыя афганцы заўсёды ў страі: займаемся патрыятычным выхаваннем, трымаем сувязь з сем’ямі загінуўшых, двое прадстаўнікоў арганізацыі былі назіральнікамі на ўчастках для галасавання падчас выбараў Прэзідэнта краіны. Летась пры падтрымцы райвыканкама, Сіроцінскага сельвыканкама і нераўнадушных грамадзян мы рэканструявалі помнік воіну-афганцу Івану Сокалаву ў Сіроціне. Сёлета плануем абнавіць помнік Віктару Угнявёнку ў Сосніне.


