Шумилинский лесник Николай Морозов не думал о геройстве, когда выносил девочку из горящего дома

Актуалии Общество

Вынес дзяўчынку з палаючага дома
Усе мы захапляемся смелымі і адважнымі героямі кінафільмаў і раманаў, якія могуць імгненна прыняць правільнае рашэнне, кінуцца ў полымя ці ў ваду, выратаваць жыццё чалавека. Але такія людзі жывуць побач з намі, яны, часта вельмі сціплыя, ходзяць побач, працуюць, кахаюць, а раскрываюцца поўнасцю толькі ў экстрэмальнай сітуацыі, выратоўваюць каму-небудзь жыццё. Як, напрыклад, гэта зрабіў на мінулым тыдні жыхар а.-г. Крывое Сяло Мікалай Марозаў.
Раніцай 4 жніўня ляснік Шумілінскага лясніцтва Мікалай Марозаў, які ў час жніва працуе аператарам сушылкі  ў ААТ “Прыдзвінскі”, вярнуўся пасля рабочай змены дадому. Не паспеў паснедаць, як прыбег пляменнік: “Гарыць суседні дом!” Мікалай кінуўся на вуліцу. Ля палаючага калідора хлопец убачыў гаспадыню, якая спрабавала вадой утаймаваць полымя.
З дома было чутна, як у адным з пакояў плача дзіця. Маланкай прамільгнула думка: “Трэба ратаваць!” Паколькі ўваход праз веранду быў ахоплены агнём, Мікалай паспрабаваў зайсці з другога боку, але дзверы былі замкнутыя. Тады 24-гадовы хлопец  зняў спартыўную куртку, наматаў яе на руку і разбіў аконнае шкло. Праз хвіліну хлопец быў ужо ў палаючым доме. У адным з пакояў побач з дзвярыма, якія ахапіў агонь, Мікалай убачыў трохгадовую Ангеліну. Вельмі напужаная, яна стаяла і плакала. Мікалай схапіў дзяўчынку і  – хутчэй на вуліцу.
“Газавы балон! – мільганула ў галаве хлопца. – Ад моцнага выбуху іскры могуць паляцець на суседнія дамы і гаспадарчыя пабудовы. А зараз жа спякота, сухмень”.  І Мікалай зноў кінуўся ў палаючы дом. Адключыў ад пліты газавы балон і вынес яго на вуліцу.  Неўзабаве падаспелі пажарныя машыны. Яны ўтаймавалі агонь. Але шчытавы дом згарэў як шчэпка, дах дома абрушаны, усе пакоі ўнутры выгаралі.
Пытаемся ў Мікалая Марозава, ці страшна было рашыцца ўвайсці ў палаючы дом. “Ды не, – сціпла кажа хлопец. – Думаю, калі б нехта іншы быў побач, то зрабіў бы тое самае. У доме плакала дзіця, якое трэба было ўратаваць, пра страх і думаць не было калі. Да таго ж, я бачыў, што спраўлюся хутчэй, чым агонь ахопіць усе пакоі”.
З Мікалаем мы сустрэліся на ягоным рабочым месцы – зернесушылцы, там жа яго і сфатаграфавалі. Хлопец аказаўся даволі сціплым, зусім не лічыў сябе героем. Тым не менш ягоным учынкам ганарацца родныя, сябры, суседзі і ўвогуле жыхары ўсяго раёна. Мікалай Марозаў выратаваў дзіцячае жыццё. А што можа быць больш важным?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 62 ад 11.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *