Нарада ў райвыканкаме: на парадку дня – летнія клопаты

Актуалии Президент Экономика

На парадку дня – летнія клопаты

Чарговая нарада ў райвыканкаме, якую правёў у панядзелак кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, была прысвечана пытанням нарыхтоўкі кармоў, вытворчасці малака, добраўпарадкавання населеных пунктаў і вытворчых тэрыторый, іншым праблемам жыццядзейнасці раёна.

На нарадзе былі падведзены вынікі мерапрыемстваў, якія прайшлі на мінулым тыдні, вызначаны асноўныя падзеі тыдня бягучага.
У ліку важнейшых пытанняў – корманарыхтоўка. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на арганізацыю работы, асабліва ў выхадныя дні. Кашэнне траў, закладка сянажных траншэй, трамбоўка сенажу не павінны спыняцца ні на дзень.
Ад гэтага залежыць будучая зімоўка жывёлы, ад гэтага залежыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і фінансавы стан гаспадарак раёна. Была падкрэслена важнасць аператыўнага кантролю за ходам работ, перакідванне, пры неабходнасці, тэхнікі з адной гаспадаркі ў другую.
Не менш актуальным застаецца пытанне вытворчасці малака. Некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не могуць выйсці на мінулагодні ўзровень надояў, не даюць каровам канцэнтраты, не вядуць падкошванне пашаў. Аляксандр Снараў запатрабаваў ад спецыялістаў узмацніць кантроль за тэхналагічнай дысцыплінай, за арганізацыяй работы па пакрыццю кароў, за ўтрыманнем цялят.
Разам з тым у ліку прыярытэтных застаюцца пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна, вытворчых і замацаваных тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, дарог. Былі заслуханы кіраўнікі асобных прадпрыемстваў. Паўсюдна павінен быць ідэальны парадак, а там, дзе ён наведзены, яго трэба пастаянна падтрымліваць, адзначыў старшыня райвыканкама.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу кіраўнікоў адпаведных службаў на падрыхтоўку грамадзянскіх могілак да Тройцы: неабходна забяспечыць уборку смецця, падвоз пяску, паправіць пад’езды да могілак. Падчас Дня работы з насельніцтвам паўстала пытанне якасці пітной ваду ў Сіроціне, сказала Ірына Мікалаеўна, там ёсць станцыя абезжалезвання і адпаведным службам (ЖКГ, РЦГЭ, КУСГП “Сіроцінскі”) трэба высветліць і паправіць сітуацыю.
Былі разгледжаны іншыя аператыўныя пытанні жыццядзейнасці раёна, якія тычыліся правапарадку, збору падаткаў, падрыхтоўкі да зімы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *