Доска почёта Шумилинского района: Виктор Плешков

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Амаль сорак гадоў за рулём
Хутка будзе сорак гадоў, як вадзіцель ААТ “Прыдзвінскі” Віктар Лявонавіч Пляшкоў  працуе ў сельскай гаспадарцы. Прыйшоў у мясцовы калгас яшчэ да арміі, адслужыў тэрміновую службу і зноў вярнуўся на сваё месца.  З таго часу месца работы не мяняў. “Не такі чалавек Віктар Лявонавіч, каб шукаць лёгкага хлеба, – кажа дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў. – Сельская гаспадарка і трымаецца на такіх, як Віктар Пляшкоў – адказных, працавітых, вытрыманых і надзейных. Вось таму наш калектыў і прапанаваў кандыдатуру гэтага вадзіцеля на раённую Дошку гонару”.
Дарэчы, у пачатку гэтага тыдня В. Л. Пляшкоў першым у раёне перавёз тысячу тон зерня. Падзячны ліст і грашовую прэмію яму ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. В. Аляксеенка. А карэспандэнт раённай газеты задала перадавіку некалькі пытанняў.
–  Чым вы ганарыцеся?
–  Мой гонар – гэта мая сям’я. У мяне цудоўная жонка, добрыя дачка і сын, паслухмяныя ўнукі. Іх шчасце – гэта маё шчасце. Як і належыць мужчыну, выхаваў сына, пабудаваў дом і пасадзіў некалькі дрэў. Дакладней сказаць, цэлы фруктовы сад на сваім агародзе. Радуюць вока яблыні, грушы і вішні.
За сваё жыццё перавёз не адну тысячу тон зерня. Душу перапаўняе задаволенасць за сваю работу, за камбайнераў, якія намалацілі гэтую тысячу тон, за аграномаў і спецыялістаў, якія вырасцілі неблагі ўраджай. Ганаруся надзейнай камандай працаўнікоў ААТ “Прыдзвінскі”.
Задаволены тым, што жыву ў маляўнічым месцы – у вёсцы Полькавічы. Тут прыгожа і раздольна, непадалёк працякае Дзвіна. Часта хаджу на рыбалку і магу пахваліцца, што нядаўна злавіў сямікілаграмовага шчупака.
–  Пра што вы марыце?
–  Я з’яўляюся вадзіцелем не толькі па прафесіі, але і па жыцці. Вядома, як і кожны з маіх калег, мару памяняць свой уласны легкавы аўтамабіль на больш новы і сучасны. Ну, такі, каб не трэба было траціць грошы на рамонт – купіў, як кажуць, і забыўся.
Што тычыцца майго захаплення – рыбалкі, то мару злавіць і дзесяцікілаграмовую рыбіну. Ну, каб хапіла рыбных катлет на ўсю сям’ю.
Летам разам з жонкай шмат часу ўдзяляем догляду за садавінай-гароднінай. Вырошчваем і вінаград. Побач з гатункам “ізабэла” мяркую пасадзіць іншыя сарты. Каб былі больш салодкія і буйныя. Бачыў такі вінаград у знаёмых. Думаю, абавязкова вырасце і на нашым агародзе, было б жаданне ў гаспадара.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 63 ад 14.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *