Лучший учитель Шумилинского района работает в гимназии

Актуалии Молодёжь Образование Общество

Лепшы настаўнік працуе ў гімназіі

О. Беляева

Хаця конкурс “Настаўнік года” прайшоў ва ўсіх школах раёна, выступіць на раённым узроўні адважыліся нямногія. На жаль, не было сярод удзельнікаў прадстаўнікоў моцнай паловы. Як заўсёды ў настаўніцкім асяроддзі, “агонь на сябе” ўзялі жанчыны.
Для канкурсантак мінулы тыдзень быў напружаным і адказным. Тры этапы раённага конкурсу прымусілі хвалявацца не толькі маладых настаўніц, але і вопытных, з вялікім педагагічным стажам.  Шматлікія конкурсныя іспыты прадугледжвалі і творчае самапрадстаўленне, і прэзентацыю аўтарскіх дыдактычных сістэм, і тэсціраванне. Канкурсанткі праводзілі ўрокі ў незнаёмым класе, дэманстравалі відэаўрокі.  У творчым спаборніцтве вылучыліся тры настаўніцы, якія і вялі паміж сабой барацьбу на заключным этапе.
У фінале настаўнікі абаранялі праект, у якім прадстаўлялі ўласныя ўяўленні аб сучаснай якаснай адукацыі. Першай выступала настаў-ніца СШ №1 С. А. Шуляр, якая прадставіла цікавую работу па адукацыі і выхаванні вучняў праз краязнаўства, развіццё любові да малой радзімы. Грунтоўнае паведамленне прапанавала прадстаўніца гімназіі В. М. Бяляева. Аб сістэме якасці адукацыі школы паведаміла прысутным настаўніца СШ №2 В. А. Дубко. Фіналістам трэба было за некалькі мінут падрыхтаваць і правесці міні-ўрок па тэме “Сеяць разумнае, добрае, вечнае…”, “Свет вакол нас” ці “А ўсё ж яна верціцца…”. Усе ўдзельніцы справіліся з заданнем выдатна.
Фіналісты трымаліся добра, падрыхтавалі цікавыя паведамленні, паказалі знаходлівасць, майстэрства ў валоданні сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. З улікам таго, што разрыў паміж імі быў мінімальны, журы на чале з намеснікам начальніка аддзела адукацыі райвыканкама В. М. Саковічам прыйшлося нялёгка.
Пакуль журы вызначалася з прызёрамі, фіналісты правялі цікавыя заняткі з гледачамі, паказаўшы свае любімыя прыёмы і метады выкладання. Гледачы – настаўнікі і завучы школ раёна – ахвотна падтрымлівалі канкурсантаў, уключаючыся ў гульню.
І вось журы абвясціла пераможцаў. Лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Творчасць і артыстызм” стала настаўніца рускай мовы і літаратуры з Мікіціхі Бякач Ж. В.; у намінацыі “Традыцыі нацыянальнай культуры” – настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Навікоў Бараноўская І. В.; у намінацыі “Маладосць і талент” – настаўніца гісторыі з Обалі Краўцова Т. У.
Дыплом III ступені – у Святланы Аляксандраўны Шуляр (Шумілінская СШ №1, дыплом II ступені – у Валянціны Аркадзьеўны Дубко (Шумілінская СШ №2, пачатковыя класы), гісторыя).
Ганаровае званне “Настаўнік 2011 года Шумілінскага раёна” атрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры з раённай гімназіі Вольга Мікалаеўна Бяляева. Вользе дастаўся і прыз сімпатый гледачоў, які ўручыла мінулая пераможца конкурсу Д. І. Кахтэнка.
Наперадзе ў В. М. Бяляевай абласны конкурс. Таму застаецца пажадаць ёй поспеху, цярпення і ўдачы. А раённаму конкурсу – больш удзельнікаў, бо дастойных педагогаў хапае ў кожнай школе.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №13 ад 18.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *