Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей адсвяткаваў 30-гадовы юбілей

Актуалии

30 год – яшчэ маленства

29 лістапада ў раённай бібліятэцы прайшлі ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Свята сабрала багата гасцей – верных сяброў музея, зацікаўленых гісторыяй свайго краю людзей. Прынамсі, яно так і называлася “Музей збірае сяброў”. Быў прасочаны сімвалізм таго факту, што юбілей гэта культурная ўстанова святкуе менавіта ў Год культуры.

Дырэктар музея Святлана Іванова і ўсе супрацоўнікі прымалі віншаванні, словы ўдзячнасці за працу, пажаданні творчых поспехаў, энтузіязму, цікавых адкрыццяў і здзяйсненняў. Асобна гучала пажаданне займець новы прыстойны будынак.

Не змаглі прапусціць такую падзею людзі, з якіх “пачынаўся” музей у Шуміліне 30 год таму. В. П. Кобзун, Л. В. Голубева, былыя дырэктары, расказалі, як уладкоўваўся музей ад самых першых дзён, як фарміраваліся фонды, праз якія цяжкасці прыйшлося прайсці.

Ушанавалі на мерапрыемстве і былога захавальніка фондаў музея Д. М. Нікіфараву.

Сёння ў музеі працуе ўсяго пяць чалавек, але калі ўлічыць працу ўсіх грамадскіх арганізацый, якія актыўна супрацоўнічаюць з музеем, школьнікаў і педагогаў, мецэнатаў і дарыльшчыкаў – усіх, хто не праходзіць міма гэтай установы, то зразумела, што калектыў аднадумцаў музейных работнікаў надзвычай вялікі. Музей любяць і цэняць многія. Гэта стала асабліва відавочна па колькасці падарункаў і цёплых пажаданняў, якія прымалі юбіляры.
Як слушна заўважыла Валянціна Навіцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, 30 год для музея – яшчэ маленства. Наперадзе – цікавыя сустрэчы, унікальныя экспанаты, новыя калекцыі і знаходкі.

Наперадзе – цэлае жыццё. І стала зразумела, што само святкаванне 30-годдзя Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея надало яго работнікам імпэту працаваць з яшчэ большым энтузіязмам. У добры шлях!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №94 ад 02.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *