Спасатели проверили, как в Мишневичах готовятся к зиме

Безопасность Общество

“Мы не будзем курыць у пасцелі, бо хочам жыць”
На мінулым тыдні на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета адбыўся сумесны рэйд работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і супрацоўнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, у ходзе якога правяралася падрыхтоўка жылога сектара да зімы.
Перад рэйдам інструктаж з выратавальнікамі правёў галоўны спецыяліст аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС Ігар Мартынаў. “Наша задача – адпрацаваць усе вёскі сельсавета на прадмет бяспекі, бо не за гарамі ацяпляльны сезон, – кажа Ігар Уладзіміравіч. – Сёння мы будзем працаваць на папярэджанне, на выяўленне небяспечных участкаў, каб прадухіліць надзвычайныя сітуацыі”.
У час рэйду па вёсках супрацоўнікі РАНС расказалі, што менавіта Мішневіцкі сельсавет лідзіруе ў нашым раёне па колькасці пажараў і загінуўшых. Так, у мінулым годзе з 24 пажараў, зарэгістраваных у раёне, 8 адбыліся на мішневіцкай зямлі, адзін чалавек загінуў у агні. Сёлета ў Мішневічах адбыўся адзін пажар, на якім загінулі адразу тры чалавекі. Прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым выглядзе.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч нагадваў пра гэты трагічны выпадак нядбайным сем’ям, аматарам спіртнога. І раўнадушных, трэба адзначыць, не было . “Мы адрамантуем печку, не будзем курыць у пасцелі, бо яшчэ хочам жыць”, – абяцаў адзін з гаспадароў з Мішневіч. Вельмі хочацца верыць, што так і будзе.
У рэйдзе прымалі ўдзел пазаштатныя пажарныя інспектары, старэйшыны вёсак, а таксама мясцовыя паштальёны. Апошнія не толькі былі павадырамі для віцебскіх выратавальнікаў, але і прадавалі вяскоўцам пажарныя апавяшчальнікі і батарэйкі да іх. У ходзе рэйду высветлілася, што ў большасці дамоў, дзе пражываюць састарэлыя людзі ці мнагадзетныя сем’і,  пажарныя апавяшчальнікі ўстаноўлены. Толькі вось у некаторых трэба было замяніць батарэйкі. І выратавальнікі на месцы гэта рабілі, заадно і правяралі спраўнасць апавяшчальнікаў. У а.-г. Мішневічы і вёсцы Андрэеўка некалькі сем’яў набылі ў паштальёнаў новыя апавяшчальнікі. І намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў іх устанавіў.
У ходзе рэйду супрацоўнікі РАНС мелі нямала пытанняў да вяскоўцаў. Цікавіліся, як часта чысцяць дымаходныя трубы, калі будуць замазаны шчыліны ў печках і прыбіты перадтопачныя лісты, калі памяняюць старую электраправодку.  Здзівіў адзін гаспадар у Казьянах, у якога некалькі гадоў таму загарэлася старая электраправодка, а ён і сёння не памяняў на новую. Добра, што тады ўзгаранне адразу заўважылі і агонь не перакінуўся на хату. Выратавальнікі нагадалі, што варта самім паклапаціцца пра сваю бяспеку.
У ходзе рэйду выратавальнікі праверылі прыватныя дамы ў Мішневічах, Казьянах, Красамаі, Сураўнях, Глушыцы, Андрэеўцы, Жданоўцы, Заобалі. Было складзена каля сотні прадпісанняў, дадзены тэрмін на выпраўленне недахопаў, якія тычыліся ў першую чаргу печак і электраправодкі.
Супрацоўнікі РАНС склалі і два адміністрацыйныя пратаколы. За пячное ацяпленне, якое знаходзіцца ў аварыйным стане, на першы раз людзі атрымалі штраф па 0,5 базавай велічыні. Калі недахопы не будуць выпраўлены,  у наступны раз іх чакае максімальны штраф – да 30 БВ.
Па выніках рэйду супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях накіравалі чатыры лісты дзецям састарэлых вяскоўцаў з просьбай дапамагчы  бацькам падрыхтавацца да зімы і адрамантаваць печкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 66 ад 25.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *