Знакомьтесь, Анна Бересневич — сварщик из «Родника»

Актуалии Экономика

Зваршчык Анюта
Сярод моладзі, што працуе ў СФГ “Раднік”, кіраўніцтва гаспадаркі вылучыла Ганну Берасневіч. Па-першае, таму, што дзяўчына талковая і працалюбівая. Па-другое, што валодае рэдкай для жанчыны прафесіяй – яна зваршчык.
Падчас нашага прыезду Ганна Берасневіч завіхалася ў майстэрні: рамантавала ланцугі для кароў. “Звёны разарваліся, трэба заварыць, – як прафесіянал сваёй справы патлумачыла дзяўчына. – Затым пайду да МТЗ, там таксама трэба падрамантаваць некаторыя вузлы”.
У шчыльным касцюме, касынцы на галаве, рабочых рукавіцах на руках і са зварачным апаратам Анюта спяшаецца да трактара. Па дарозе мы цікавімся, чаму дзяўчына пайшла вучыцца на зваршчыка. “Ды ўсё проста: не захацела ехаць вучыцца ў далёкі горад, – усміхаецца дзяўчына. – Мае бацькі жывуць у Уле, вось я і пайшла вучыцца ў мясцовы ліцэй. З усіх спецыяльнасцей даспадобы прыйшлася прафесія зваршчыка. Да таго ж, у ліцэі атрымала спецыяльнасць механізатара і вадзіцеля катэгорыі “С”.
Ганна расказала, што ў групе яна была адзінай дзяўчынай. Спачатку хлопцы да яе адносіліся з недаверам, казалі, што дзяўчына ніколі не навучыцца зварачным работам. А яна ў прафесіі абышла многіх хлопцаў. Вось тады яны пачалі ставіцца больш паблажліва і з павагай.
Гэтай вясной Ганна была ў Мішкавічах на практыцы. У гаспадарцы ёй спадабалася, сюды і працаваць прыехала. Механізатары расказалі, што калі трэба адрамантаваць трактар, то хутчэй бягуць да Анюты: зварыць так, што і ад заводскага не адрозніш. “Галоўнае, што дзяўчына бачыць, што і дзе трэба адрамантаваць, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – Яе не трэба падганяць, Ганна сама плануе работу. Мы вельмі задаволены маладым спецыялістам”. Дарэчы, Ганна збіраецца прадоўжыць вучобу і паступіць у Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 66 ад 25.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *