Посевная — 2012

Сельское хозяйство Экономика

Паліва расходаваць эканомна
Заканчваецца падрыхтоўка да вясенняй пасяўной. Практычна ўсе пасяўныя агрэгаты і трактары стаяць на лінейцы гатоўнасці. Важна падрыхтаваць і людзей: растлумачыць умовы аплаты, адзначыць стымул спаборніцтваў падчас пасяўной, правесці семінары па тэхніцы бяспецы, вучыць беражлівым адносінам да дзяржаўнай маёмасці.
Адзін з такіх семінараў, арганізаваны для спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна, быў прысвечаны эканомнаму расходу паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Родзіч прывёў цікавы прыклад: у мінулым годзе на МТЗ-3022 спісвалі 17 літраў саляркі на адзін гектар (такія нормы расходу паліва былі вызначаны камітэтам аблсельгасхарчу).  Але калі ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” паставілі датчыкі ўліку паліва, то аказалася, што замест адведзеных 17 літраў на самой справе траціцца на адзін гектар 11 літраў.  І куды дзяваліся тыя зэканомленыя шэсць літраў з кожнага гектара?
В. В. Родзіч паставіў задачу жорстка кантраляваць расход паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў. Трэба яшчэ раз пралічыць расход паліва на кожны кіламетр, адзначыў Віктар Віктаравіч, каб не было перарасходаў.
У канцы рабочага дня рэшту саляркі ці бензіну  трэба запісваць ў спецыяльны журнал, а раніцай гэтыя паказчыкі заносіць ў пуцявы ліст. У гаспадарках на час пасяўной створаны рабочыя групы, якія маюць права праверыць прама на полі расход паліва, правільнасць афармлення пуцявых лістоў.
Спецыялісты райсельгасхарчу звярнулі ўвагу на тыя памылкі, якія часцей за ўсё робяцца пры афармленні пуцявых лістоў, пры ўліку аб’ёмаў выкананых работ.
Пратручванне
Яшчэ ў канцы красавіка ў некаторых гаспадарках раёна пачалі пратручваць насенне яравых зерневых. Гэтыя работы распачалі ў “АграБаравінцы”, “Крыніцы”, “Прыазёрным міры”, “Ляжнях”. На 4 красавіка пратручана 231 тона насення яравых зерневых. “А ўсяго пад яравую сяўбу трэба 2020 тон зерня, – удакладняе начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу С. П. Басаў. – Зараз работы прыпынены, бо пратручванне трэба весці толькі пры плюсавой тэмпературы. Больш за ўсё пратруцілі ячменю і пшаніцы ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” – 125 тон.
Элітнае насенне
Для аднаўлення гатункаў многія гаспадаркі раёна купляюць элітнае насенне яравых зерневых, расказаў начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін А. А. Шалюта. Так, у “Лаўжанскім” закуплена 30 тон ячменю і аўса, у “Прыдзвінскім” – 8 тон ячменю, у “Ляжнях”  – 3 тоны ячменю.  А ў “АграБаравінцы закупілі і 10 тон ячменю, і 5 тон элітнага насення пшаніцы.
Усяго ў раёне закуплена 68 тон элітнага насення яравых зерневых. Яно ў асноўным паступае з эксперыментальных баз “Альгоўскае” і “Тулава”.
Падсев траў
Па падсеву шматгадовых траў наш раён на 4 красавіка займае першае месца ў вобласці, паведаміў нам першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч. Усяго на Шуміліншчыне падсеяна 136% шматгадовых траў (сярэднеабласны паказчык – 70%). Шумілінскі раён нядрэнна выглядае і па іншых сельгасработах. На палеткі вывезена 87,8% арганічных угнаенняў (па вобласці 85,9%). Травяных угоддзяў падкормлена азотам 22% да патрэбнага (па вобласці 5%), каліем – 31% (сярэднеабласны паказчык – 17%).
Ларыса ЗАЙЦАВА
Надрукавана ў №28 ад 06.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *