На ферме у Линкевичей 20 коров

Сельское хозяйство Экономика

Сам збірае і сам здае
Сям’ю  Уладзіміра Аляксандравіча і Святланы Мікалаеўны Лінкевічаў у Мікалаеве ведае кожны. Мясцовыя жыхары, тлумачачы, дзе іхні падворак, быццам між іншым, але з захапленнем удакладнілі: “У іх жа дваццаць кароў! Адным словам, гаспадары!”
У гэты дзень Лінкевічаў мы дома не засталі, суседзі расказалі, маўляў, дзесьці сушаць сена. Затое нечакана сустрэліся з Уладзімірам Аляксандравічам у вёсцы Макракі. Аказваецца, ужо з год мужчына ўзяўся за важную і адказную справу:  на сваім мікрааўтобусе “Івека” з прычэпам збірае ад насельніцтва малако.
Мы разгаварыліся з Уладзімірам Лінкевічам. Ён, які ў маладосці жыў у Наваполацку, з лёгкасцю прамяняў горад на жончыну радзіму і перабраўся ў Мікалаева. Вось тут і жыве ўжо больш за трыццаць гадоў. У свой час займаўся вырошчваннем садавіны-гародніны. Але прыйшоў да высновы, што гаспадарку трымаць намнога выгадней. І гэта зразумела: ад здадзенага малака   атрымлівае рэальныя грошы кожныя дзесяць дзён. Пытаемся, як жа Уладзімір Аляксандравіч разам з жонкай спраўляюцца з двума дзясяткамі кароў. “Дапамагае тэхніка,  на ёй працую ўсё жыццё, –  усміхаецца мужчына. – Ёсць уласны трактар,  касілка, неабходны прычапны інвентар і нават уласны прэс-падборшчык –  з ім больш зручна нарыхтоўваць сена. Таксама для кароў набылі даільную ўстаноўку, якая аблягчае ручную працу”.
На думку Уладзіміра Лінкевіча, выгадна трымаць на падворку не адну карову, а некалькі. Тады адразу адчуваецца матэрыяльная падтрымка для сям’і. На падворку Лінкевічаў ёсць яшчэ куры, свінні і трусы.
“Калі чэсна, то раней са зборам малака ўвесь час былі праблемы, –  расказаў старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскі. –  Вяскоўцы пастаянна скардзіліся. А калі за работу ўзяўся Уладзімір Лінкевіч, то ён купіў апарат для праверкі якасці малака. Гэта дысцыплінавала малаказдатчыкаў, некаторыя зразумелі, што цяпер не схітруеш і не разбавіш малако, бо “Лактан” паказвае не толькі тлустасць, але і наяўнасць вады ў малацэ, калі такое ёсць. Адным словам, зараз праблем са зборам малака ў нас няма. А Лінкевічы з’яўляюцца аднымі з самых багатых малаказдатчыкаў: у мінулым годзе, напрыклад, з іх падворка было адвезена 52 тоны малака”.
З Макракоў Уладзімір Лінкевіч накіраваўся да іншых малаказдатчыкаў (іх усяго каля паўсотні) ў вёскі Дубрава, Гусінцы, Мікалаева, Андрэева, Кардон. Кожны дзень у жоўтую цыстэрну на прычэпе наліваецца больш за тону малака. Прычым, зараз, летам, “самыя малочныя дні”. Зімой малака будзе меней, нават у некаторыя невялікія вёскі за малаком прыязджаюць праз дзень.
У гэты ж дзень мы пагутарылі з малаказдатчыкамі з Кардона. Людзі добрым словам адгукаліся пра Уладзіміра Лінкевіча і былі вельмі ўдзячны яму за тое, што ўзяўся збіраць насельніцкае малако. Вяскоўцы ахарактарызавалі мужчыну як добрага гаспадара і сумленнага чалавека, які ўмее і любіць працаваць. А яшчэ душой хварэе за гаспадарку, падтрымлівае тых людзей, якія яе трымаюць. Можа, таму і ўзяўся за нялёгкую справу малаказборшчыка.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 66 ад 25.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *