В Шумилинском районе заканчивается уборка зерновых на частных участках

Сельское хозяйство

Абмалочваюць агароды вяскоўцаў
На прыватных сотках жыхароў нашага раёна 1088 участкаў (248,7 га) засеяна азімымі і яравымі зерневымі. У пачатку тыдня было абмалочана 70% ад агульнай плошчы, намалацілі 557 тон зерня, ураджайнасць склала 29,7 цэнтнера з гектара.
Мы пацікавіліся ў сельвыканкамах, як вядзецца абмалот агародаў. Вельмі добра гэта работа нала-джана ў ААТ “Лаўжанскае”, тут на мінулым тыдні заканчвалася прыватнае жніво. Хвалілі лаўжанскіх механізатараў у вёсцы Захарава, што на Обальшчыне. “Прыехалі і за лічаныя хвіліны абмалацілі агарод, – расказала Аксана Палякова. – Нават не чакалі, што ў гэтым годзе так рана дадуць камбайны. Зерне сухое і чыстае. Яго практычна і сушыць не трэба”.  А вось механізатары “Шумілінскага райаграсэрвісу” толькі нядаўна выехалі на прыватныя соткі вяскоўцаў. Да прыкладу, у мінулую пятніцу працавалі на агародах у Добрыне. Кіраўніцтва гаспадаркі патлумачыла, што ганяць туды-сюды вялікую тэхніку – нявыгадна. Таму вырашылі спачатку весці абмалот у Пабедзе, Добрыне і блізляжачых вёсках (там якраз убіраюць палеткі гаспадаркі), а потым пераедуць у Светласельскі.
90% участкаў абмалацілі на тэрыторыі КУСГП “Ульскі”. “Нам засталося ўбраць некалькі агародаў у Кардоне, Гусінцах і Забар’і, – расказаў старшыня Мікалаеўскага сельсавета У. А. Сядлоўскі. – Работу кантралюе дырэктар “Ульскага” В. У. Лабейка. У гэтым годзе, як ніколі, фарсіруюцца работы: у Мікалаеве, Дубраве, Бубалях, Макраках, Федзькаве абмалочаны амаль усе ўчасткі. Вельмі добра і рытмічна папрацавалі камбайнеры СФГ “Раднік”, ад вяскоўцаў прыходзілася чуць шмат цёплых слоў у іхні адрас за аператыўную работу”.
Больш за палову прыватных агародаў абмалацілі на тэрыторыі КУСГП “Мішневічы”. Поўнасцю ўбралі агароды ў Валатоўках і Ставіцы, працавалі камбайны ў Мішневічах, Сураўнях, Андрэеўцы, Глушыцы. “Кошт абмалоту невялікі – 6 тысяч рублёў за адну сотку, – расказала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька. – Але некаторыя гаспадары яравыя пасеялі позна, і зерне яшчэ не выспела, так што ў некаторыя вёскі прыйдзецца вяртацца”.
Пачалі абмалот прысядзібных участкаў і на Каўлякоўшчыне. Камбайны ААТ “Прыдзвінскі” на мінулым тыдні працавалі ў Полькавічах, Курылаўшчыне, Крывым Сяле. “На маленькіх участках, куды камбайнам не заехаць, мы рэкамендавалі скасіць зерневыя і скласці ў стажок на краі поля, так людзі і зрабілі, – кажа старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Трэба адзначыць, што ў выйгрышы засталіся і тыя 27 гаспадароў, чые ўчасткі з зерневымі знаходзяцца ў севазвароце, – яны атрымалі гатовае сухое і чыстае зерне”.
Па ўсім бачна, на гэтым тыдні жніво на прыватных сотках фінішуе.  Ніводнага неабмалочанага агарода не застанецца, запэўнілі старшыні сельвыканкамаў раёна.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 66 ад 25.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *