Следчы з Шуміліна – лепшы ў вобласці

Новости Общество

Следчы з Шуміліна – лепшы ў вобласці
На мінулым тыдні ў Лужасне прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых следчых Віцебшчыны. Конкурсная праграма ўключала ў сябе тэарэтычную і практычную часткі, а таксама фізічную і агнявую падрыхтоўкі. На ўсіх этапах выдатна праявіў сябе следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шчарбакоў, які стаў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства.
Дзмітрый Шчарбакоў  у Следчым камітэце працуе крыху больш за год, сюды прыйшоў пасля заканчэння Акадэміі МУС. Як сам прызнаецца, з дзяцінства марыў звязаць свой лёс з сілавымі структурамі. “У мяне і бацька, і дзядзька, і брат служылі ў міліцыі, – расказвае хлопец. – Па іх прыкладзе і я вырашыў паступаць у міліцэйскую акадэмію”.
На рахунку маладога следчага 15 завершаных крымінальных спраў. Як адзначаюць калегі, Дзмітрый – граматны следчы, які ў прафесійным плане расце на вачах. На што Дзмітрый Шчарбакоў адказвае: “Мне пашанцавала з кіраўніцтвам, калегамі. Яны заўсёды падкажуць, дапамогуць. А гэта вельмі важна для маладога спецыяліста, бо з аднымі тэарэтычнымі ведамі, атрыманымі ў акадэміі, працаваць не зможаш”.
У кар’еры следчага Дзмітрыя Шчарбакова пакуль што няма гучных спраў, пераважае руцінная  работа па раскрыццю крадзяжоў. “Кожнае злачынства – трагедыя для чалавека, – кажа Дзмітрый. – Задача следчых – дапамагчы людзям, зрабіць так, каб закон і парадак бралі верх”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 67 ад 28.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *