Сацыяльныя стандарты – гарантыя якасці жыцця

Актуалии Президент

Сацыяльныя стандарты – гарантыя якасці жыцця
У панядзелак адбыўся прэзідыум раённага Савета дэпутатаў, на якім былі разгледжаны чатыры пытанні. У якасці асноўнага было абмеркавана пытанне “Аб ходзе выканання рашэння Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў ад 21 сакавіка 2013 года №162 “Аб рабоце, праводзімай арганізацыямі жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарак па рашэнні пытанняў жыццезябеспячэння грамадзян, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, павышэнні якасці дзяржаўных сацыяльных стандартаў”.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла, што пытанне мае сацыяльна значны характар, ад вырашэння яго, ад вынікаў праводзімай у гэтым накірунку работы залежыць дабрабыт насельніцтва, узровень жыцця наогул.
На сённяшні дзень у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуе 10 сацыяльных стандартаў. Трэба адзначыць, што практычна ўсе яны выконваюцца на тэрыторыі раёна. Праведзена значная работа, заўважыла Ірына Мікалаеўна, але разам з тым трэба вырашаць яшчэ многія пытанні, у тым ліку і якія сёлета ў сувязі з сухім і гарачым надвор’ем, як кажуць, паўсталі надзвычай востра. Гэта і перабоі з водазабеспячэннем насельніцтва аграгарадка Кардон, вёсак Гаравыя і Прыазёрная, гэта і праблема з гарачым водазабеспячэннем у аграгарадку Слабада, і нізкая якасць вады па многіх населеных пунктах, і перасохлыя калодзежы, і выйшаўшыя са строю свідравіны, і многае іншае. А сацыяльныя стандарты, падкрэсліла старшыня райсавета дэпутатаў, – гэта гарантаваны ўзровень задавальнення асноўных патрэб грамадзян у паслугах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і стварэння спрыяльнага для жыцця знешняга асяроддзя. І яны павінны выконвацца, і павінен павышацца ўзровень іх якасці.
З дакладам па абмяркоўваемым пытанні выступіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Н. А. Прымак. Надзея Аляксандраўна падрабязна спынілася на кожным сацыяльным стандарце, акрэсліла ўсе нарматывы і аб’ёмы выкананых і выконваемых работ па кожным стандарце.
Так, сапраўды, сацыяльныя стандарты ў нашым раёне ў асноўным выконваюцца. Напрыклад, стандарт “норма забеспячэння вадой” – не менш 140 л/суткі на чалавека з цэнтралізаваным водазабеспячэннем і не менш 70 л/суткі на чалавека гарачай вады ці “норма ацяплення жылых памяшканняў” – не менш 18 градусаў, і “норма тэмпературы гарачай вады” – не менш 50 градусаў, і “ўдзельная вага асветленасці вуліц” – не менш 80%, і “наяўнасць памывачных месцаў у лазнях” – 3 месцы на 1 тыс. чалавек, і інш. Аднак відавочна, што па многіх паказчыках трэба павышаць менавіта якасць прадастаўляемых паслуг.
Сёлетняе надвор’е “выкінула на паверхню” застарэлыя праблемы. Там, як кажуць, дзе было тонка, там і парвалася. Сутыкнуліся з праблемай зношанасці свідравін і водаправодаў, калонак. На нізкім узроўні застаецца па-ранейшаму работа па заключэнні з насельніцтвам дагавораў на водазабеспячэнне. Адсюль – вялікія выдаткі па вадзе, якая сёлетнім летам стала сапраўды на вагу золата.
Ды і многія стандарты, трэба прызнаць, як сярэдняя тэмпература па бальніцы… А калі разгледзець па асобнасці, праблем і пытанняў хапае. Узяць, скажам, шматпавярхоўкі Язвіна, Мікалаева ці Добрына з пячным ацяпленнем, дзе не першы год не выконваюцца стандарты па нарматыву ацяплення жылых памяшканняў. Ці наяўнасць грамадскіх туалетаў у населеных пунктах з колькасцю звыш 1 тысячы чалавек (нарматыў – адзін туалет на 1 тысячу чалавек)? Тут і па Шуміліне, і па Обалі, і па Мікіцісе праблемы, якія патрабуюць вырашэння.
Выступілі па абмяркоўваемым пытанні начальнік філіяла ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкін і начальнік УП ЖКГ Шумілінскага раёна І. К. Штуро. Кіраўнікі арганізацый далі тлумачэнні па многіх момантах, якія ўзніклі ў працэсе абмеркавання тэмы.
У прынятай пастанове прэзідыума раённага Савета дэпутатаў указана камунгасу і ДРБУ-204 прыняць неабходныя меры па забеспячэнні дзяржаўных сацыяльных стандартаў у абслугоўванні насельніцтва, удзяліўшы асаблівую ўвагу выкананню стандарту (не менш 60%) удзельнай вагі вуліц з удасканаленым пакрыццём. Канкрэтна УП ЖКГ даручана завяршыць работу па заключэнні дагавораў на прадастаўленне насельніцтву паслуг па водазабеспячэнні (да 100%) і зборы цвёрдых бытавых адыходаў, забяспечыць выкананне аб’ёмаў па бягучым рамонце жыллёвага фонду, сетак водазабеспячэння, дахаў, цеплавых сетак згодна з вызначанымі заданнямі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 67 ад 28.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *