Африканская чума свиней: введены ограничения на ввоз свиннины из России

Здоровье Экономика

Чума афрыканская, а клопат – наш
У Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурзе ў канцы студзеня зарэгістравана ўспышка афрыканскай чумы свіней. Па гэтай прычыне ў многіх раёнах Расійскай Федэрацыі ўведзены каранцін.
Наша краіна мяжуе з Расіяй, таму ў Беларусі ўведзены часовыя абмежаванні на ўвоз свініны і прадуктаў яе перапрацоўкі. Шэраг прафілактычных мер прыняты і ў раёне. Напрыклад, скрупулёзна правяраецца свініна, што прадаецца на рынку. А прыватным грамадзянам, якія трымаюць свіней, рэкамендавана бязвыгульнае ўтрыманне жывёлы.
“Вясковыя гаспадары павінны ведаць  прыкметы хваробы: высокая тэмпература, сінюшнасць скуры жывёлы, – кажа вядучы ветурач-эпізаатолаг райветстанцыі Н. І. Іванова. – На жаль, часцей за ўсё чума прыводзіць да лятальнага зыходу. Але страшная хвароба толькі для жывёлы,  яе баяцца не трэба чалавеку”.
Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза  раіць вясковым жыхарам набываць парасят толькі ў вызначаных для гэтай мэты месцах: на тэрыторыі райветстанцыі і ля свінагадоўчага комплексу ў Плігаўках. Варта абавязкова патрабаваць у прадаўцоў даведку ад ветурача. Нельга карміць жывёлу неправеранымі харчовымі адыходамі. Небяспечныя шкуркі ад мандарынаў, бананаў, не дадавайце ў корм і шкуркі ад купленага сала.
Пераносчыкамі афрыканскай чумы могуць быць грызуны. “Мы сочым за тым, каб у радыусе трох кіламетраў ад свінагадоўчага комплексу ў Плігаўках не было несанкцыянаваных звалак, – расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С. Д. Карнякоў. – Мы адсочваем шляхі міграцыі дзікіх свіней”.
Пераносчыкамі вірусу могуць быць і птушкі, таму на свінакомплексе прыняты наконт гэтага меры перасцярогі. Спецыялісты райветстанцыі робяць жывёле вакцынацыі. Дарэчы, работнікам комплексу забаронена дома трымаць свіней.
Спецыялісты райветстанцыі распрацавалі спецыяльныя памяткі для паляўнічых. У абавязковым парадку варта паведамляць у райветстанцыю пра мёртвых дзікоў. У іх бяруцца пробы крыві і адсылаюцца ў абласную ветлабараторыю.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *