Василий Храмцов из деревни Убоино Шумилинского района строит кузницу

Мир увлечений Сельское хозяйство

У вёсцы Убоіна будуецца кузня
Раней у кожным сельгаспрадпрыемстве раёна была кузня. Без яе – як   без рук. Трэба было механізатару зрабіць нейкую дэталь – ён бег да каваля. Спатрэбіліся вяскоўцу завесы для дзвярэй – зноў спяшаліся ў кузню.
На жаль, зараз у раёне няма ніводнай кузні. Маўляў, слесары і токары спраўляюцца з дапамогай сучасных станкоў. А вось Васіль Цімафеевіч Храмцоў з вёскі Убоіна задумаў пабудаваць сапраўдную кузню: такую, якая запомнілася з юнацтва. Майстар з задавальненнем расказаў пра сваю работу. “Зрабіць кузню – гэта мара ўсяго жыцця, – прызнаўся Васіль Цімафеевіч. – Калісьці наша вёска адносілася да калгаса імя Мічурына і ва Убоіне была добрая кузня. Помню, там працаваў стары,  у яго былі залатыя рукі: рабіў, можна сказаць, ювелірныя вырабы. Вельмі хацелася быць падобным да гэтага майстра, многаму ў яго навучыўся. У маладосці заняцца кавальскай справай не было часу. Працаваў лесніком, потым вартаўніком на ферме. А цяпер вось ужо другі год на пенсіі. Ёсць час і адпачыць, і падумаць над сэнсам жыцця, і заняцца любімай справай”.
Васіль Цімафеевіч разабраў старую гаспадарчую пабудову, якая даўно была незапатрабаванай, і зрабіў памяшканне для кузні. Але сцены – гэта толькі палова справы, шмат работы было ўнутры: зрабіць цагляны пол, горан, кавадлу, іншыя неабходныя прыстасаванні.
Папрасіла Васіля Цімафеевіча патлумачыць, як працуе кузня. “Ну, яшчэ не працуе, але хутка пачне, – усміхнуўся мужчына. – Бачыце, вось у кутку насупраць уваходных дзвярэй стаіць горан – адкрытая печ. Да яго знізу падаецца паветра, тады дровы хутчэй гараць. У кузні звычайна горача і дымна, бо горан гарыць цэлы дзень. А вось пасярод кузні кавадла – на яе кладзецца разагрэтае да чырвані жалеза. Каваль, стоячы,  б’е па ім вялізнымі і малымі малаткамі – надае неабходную форму і таўшчыню. Так нараджаецца патрэбная рэч – падкова, зуб для бараны ці серп.  Потым выраб  кладзецца ў ваду –  загартоўваецца”.
У кузні В. Ц. Храмцова шмат малаткоў, абцугі, зубілы, кляшчы, захваты, прабойнікі. Насупраць горана стаіць варштат – спецыяльны стол, да якога прымацаваны ціскі. На прапанову сфатаграфавацца ў кузні мужчына наадрэз адмовіўся: “Няхай вось у газеце лепш будзе горан і кавадла, а то некаторыя вашы чытачы і  ў вочы іх ніколі не бачылі”.
Васіль Цімафеевіч расказаў, што ў кузні можна выконваць шмат аперацый: плавіць метал і заліваць яго ў форму, рабіць тэрмічную апрацоўку вырабаў, штампоўку і кручэнне. Магчыма, усё гэта В. Ц. Храмцову і не спатрэбіцца, бо з тэхнікі ў яго толькі матаблок. “Але ж ёсць яшчэ суседзі – вунь іх, цэлая вёска, – кажа мужчына. – Будзем працаваць разам, можа, каго-небудзь  і навучу кавальскай справе. Ну, а калі з мясцовай гаспадаркі звернуцца за дапамогай, то не адмоўлю. Пенсіянеру, ведаеце, прыемна адчуваць сябе патрэбным людзям”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *