Сергей Гомонов первым в районе намолотил 1000 тонн зерна

Актуалии Сельское хозяйство

Комбайнера С. Гомонова поздравляет председатель райисполкома В. А. Подлещук

Крок да тысячы
Цэлы месяц раён уважліва сачыў за гонкай, якая разгарнулася на жніўным фронце. У спаборніцтвы адразу ж увязаліся камбайнеры з ААТ “Прыазёрны мір” Мікалай Карнілаў, Аляксандр Іваноў і камбайнер з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Сяргей Гоманаў.
Амаль увесь час Карнілаў і Іваноў трымалі першынство, іх імёны адкрывалі дошку Гонару на цэнтральнай плошчы і ў раённай газеце. Вось ужо яны на рубяжы 850 тон, 900, 960… Здавалася б, адзін крок — і яны тысячнікі! Яны лёгка зрабілі б гэты крок, але ж гаспадарка фінішавала па ўборцы збожжа. І пакуль камбайнеры пераводзілі свае машыны на ўборку рапсу, крок да тысячніка зрабіў Сяргей Гоманаў!
Ён вельмі стараўся, і сітуацыя абавязвае — “Чалавек года Віцебшчыны-2010”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, неаднаразовы тысячнік — ён з гонарам пацвярджае, што ўсе гэтыя рэгаліі заслужаныя.
У пятніцу прама на жніўным полі першы тысячнік Шуміліншчыны 2011 года прымаў віншаванні. Найперш — ад кіраўніка раёна (на здымку). Вальдэмар Антонавіч Падляшчук падзякаваў камбайнеру за стараннасць і прафесіяналізм, павіншаваў з намалотам у тысячу тон, пажадаў далейшых перамог.
Ад імя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыня райкама прафсаюза Іван Казіміравіч Штуро падмацоўвае віншаванне грашовай прэміяй, у падарунак фірменныя майка і кепка.
Ад такой падзеі, калі на перадавым рубяжы знаходзіцца дэпутат раённага Савета дэпутатаў,  не магла застацца ў баку і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава. Яна таксама павіншавала Сяргея Гоманава, уручыла на памяць сувенір.
У той дзень шэсць камбайнаў райаграсэрвісу працавалі за Лескавічамі, убіралі пшаніцу. Цяжкае налітое калоссе хілілася долу. Але ўзяць яго няпроста, землі там нізкія, камбайны буксуюць (якраз за гэтым заняткам мы і заспелі першага тысячніка), таму баліць душа ў хлебароба за вырашчанае, таму з трывогай паглядае ён на хмарнае неба, таму і вядзе нястомную бітву за ўраджай, адваёўваючы ў капрызлівага надвор’я скупыя пагодлівыя гадзіны. І верыцца, што наша беларуская цягавітасць не дазволіць прайграць гэтую бітву і за першым тысячнікам будзе і другі, і трэці…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *