В Язвино велосипед украли вместе с барсеткой, телефоном, пластиковой карточкой, паспортом, ключами и страховым свидетельством

Общество Происшествия

“Я буду доўга гнаць веласіпед…”
У вобласці пачасціліся выпадкі крадзяжоў веласіпедаў і дзіцячых калясак. З мэтай прафілактыкі шумілінскія міліцыянеры праводзяць па раёне рэйды, тлумачаць людзям, што нельга быць бестурботным  і пакідаць веласіпеды без нагляду. У адным з такіх рэйдаў пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
Разам з участковым інспектарам РАУС Юрыем Сільвестравым і міліцыянерам-вадзіцелем Сяргеем Рэпнікавым мы аб’ехалі ўсе цэнтральныя вуліцы Шуміліна. Па дарозе супрацоўнікі РАУС расказалі пра адзін з апошніх крадзяжоў: жыхар Язвіна пакінуў свой веласіпед ля пад’езда дома разам з барсеткай, дзе знаходзіліся тэлефон, пластыкавая картка, пашпарт, ключы, страхавое пасведчанне. Усё гэта ўкралі.
На веласіпедах ездзяць, іх коцяць, яны стаяць ля прыватных дамоў, ля пад’ездаў шматпавярховых дамоў, ля  магазінаў. Абапёртыя на дрэва, драўляную агароджу, сцяну гаспадарчай пабудовы, вельмі часта яны пакінутыя проста так, без велазамка. Мы ўбачылі такія веласіпеды ля будынка райспажыўтаварыства,  магазіна “Скарб”, некаторых прыватных дамоў,  у адчыненых пад’ездах шматпавярховак.
Стаяў такі веласіпед і ля аднаго з пад’ездаў  дома № 8 па вуліцы 70 год БССР.  “Давайце правядзём эксперымент: колькі хвілін веласіпед бу-дзе знаходзіцца без нагляду”, – прапанавалі супрацоўнікі РАУС. Пакуль размаўлялі з жыхарамі шматпавярховак, мы не гублялі з поля зроку гэты веласіпед. Прайшло пятнаццаць хвілін, як аднекуль вынырнуў гаспадар. Думаецца, за гэты час можна было з’ехаць на чужым веласіпедзе нават на самую аддаленую вуліцу райцэнтра.
Сустрэліся і прыклады правільных паводзін шумілінцаў у адносінах да сваіх “жалезных коняў”  ля магазінаў “Вежа”, “Ганна”, цэнтральнага ўніверсама. Каля магазіна “ТамараГандаль” пажылы мужчына з сумкамі адмыкаў велазамок. Разгаварыліся. Аказалася, што М. С. Якіменка (на здымку) прыехаў за прадуктамі ажно з Мішневіч. Мужчына расказаў, што заўсёды карыстаецца велазамком. “Ого, зараз добры веласіпед каштуе дзве маіх пенсіі, – усміхнуўся мужчына.  – Таму берагу сваю тэхніку”.
Як сведчаць зводкі РАУС, такія адносіны характэрны далёка не для ўсіх. Напрыклад, у гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана дзесяць крадзяжоў веласіпедаў, адзін – дзіцячай каляскі. Прычым, дзесяць з 11-ці крадзяжоў здзейснены шляхам свабоднага доступу, удакладняе намеснік начальніка РАУС Ю. А. Арлоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *