Доска почёта Шумилинского района: Алла Королёва

Актуалии Культура Общество

Гаспадыня кніжнага храма

Ала Леанідаўна Каралёва – загадчыца Обальскай гарпасялковай бібліятэкі. Яе партрэт упрыгожвае Дошку гонару Шумілінскага раёна. Мы гутарым з Алай Леанідаўнай пра тое, што яна цэніць у жыцці, чым ганарыцца, пра што марыць.
“ Ды чым асаблівым я магу ганарыцца? – усміхаецца Ала Леанідаўна. – Мне проста пашанцавала ў жыцці. І я радуюся, што ў мяне ёсць любімая работа і цудоўная сям’я”.
Сапраўды, чалавеку не так многа трэба для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым. Іншая справа, што не кожны здольны гэта ўсвядоміць. Яна ж з задавальненнем расказвае пра простыя складальнікі свайго шчасця.
Работа. Да сённяшняга поспеху яна прыйшла не адразу. Спачатку была сур’ёзная вучоба – у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Потым напрацоўвала вопыт, заваёўвала аўтарытэт сярод людзей, аб’ядноўвала калектыў…
А сёння ўжо ёсць вынік: кніжны храм наведвае 1750 чытачоў, Обальская бібліятэка стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Перамога прысуджана ў намінацыі “За пошукавую і даследчую дзейнасць”. Поспеху папярэднічала вялікая краязнаўчая работа, якая сканцэнтравана ў буклеце “Гісторыя Обальскай гарпасялковай бібліятэкі Шумілінскай ЦБС у гісторыі Обальскага краю”.
Ала Леанідаўна дзеліць гэты поспех са сваімі калегамі – М. І. Шавякай і В. А. Ласкінай, падкрэслівае, што ва ўсіх справах яна адчувае падтрымку і дапамогу свайго маленькага калектыву.
І вось як склалася: Ала Леанідаўна вельмі любіць гутарыць з людзьмі і атрымліваць новую інфармацыю. А прафесія бібліятэкара якраз і спрыяе гэтаму.
Сям’я. Яна любіць сваю сям’ю, задаволена ёю. Рада, што яе падтрымлівае клапатлівы муж, што дзеці растуць добрымі і паслухмянымі. Арцём і Сонечка з дзяцінства з кнігай, бібліятэка для іх як родны дом, тут яны правялі з мамай шмат часу. У суботу і нядзелю, калі ў школе і дзіцячым садзе выхадны, яны ідуць дапамагаць маме.
Планы і мары. Ала Леанідаўна вельмі хоча папрацаваць у Нацыянальным архіве, папоўніць новымі матэрыяламі краязнаўчую скарбонку Обальскага краю. І мары ў яе простыя і зразумелыя – быць шчаслівай. А яна прызнаецца, што задаволена тым, што мае. Работа прыносіць задавальненне, жыць у Обалі падабаецца, сям’я радуе… А што яшчэ трэба чалавеку?
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 71 ад 11.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *