Большой ремонт Шумилинской СШ №2. Новый учебный год — в новой школе

Главное Новости Образование Общество

Сёння тэрыторыя Шумілінскай СШ № 2 уяўляе сабой  вялікі будаўнічы аб’ект, дакладней, два аб’екты. Тут ідзе будаўніцтва новага корпуса і капітальны рамонт будынка школы. Работы выконваюць спецыялісты Шумілінскай ПМК‑70. На будаўніцтва новага корпуса і частковы рамонт школы выдаткавана 6,5 млн. рублёў.

– Для нас школа – адзін з самых галоўных і важных аб’ектаў, – адзначыў галоўны інжынер ПМК‑70 Раман Карасёў. – Будаўніцтва новага корпуса ідзе строга па плане. Вялікія аб’ёмы работ і па будынку школы, практычна завяршылі корпус пачатковай школы. Штодзень тут працуе больш за 50 будаўнікоў. Сімвалічна, што на аб’екце працуе і студатрад з ліку вучняў шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2.

Пра тое, як ідзе капітальны рамонт школы, расказала карэспандэнту раённай газеты дырэктар школы Жанна Рагуновіч і правяла па будоўлі. Корпус

пачатковай школы будаўнікі пачалі рамантаваць у красавіку. Напачатку дэманціравалі старую драўляную падлогу ў калідорах – тут кладзецца новая сучасная плітка. Згодна з супрацьпажарнымі патрабаваннямі ў класах пераўсталяваны дзверы. Па‑новаму выглядае і актавая зала, поўнасцю рэканструяваны адзін з туалетаў, заменена электраправодка.

У асноўным корпусе работы пачаліся толькі ў чэрвені, зараз будаўнікі «змагаюцца» з падлогай і праводзяць электраправодку, вядуцца работы і на лесвіцах.

Варта адзначыць, што займаюцца рамонтам школы не толькі будаўнікі, а і персанал школы. «Адразу пасля таго, як будаўнікі заканчваюць свае работы ў класах, эстафету пераймае прыбіральшчык памяшканняў Людміла Барадуліна, якая раней працавала будаўніком, – расказвае Жанна Іванаўна. –Яна выроўнівае сцены, тынкуе і рыхтуе іх да афарбоўкі. У работу ўключаецца тэхперсанал і фарбуе сцены.

Такім чынам мы з класам спраўляемся за 4‑5 дзён». Дарэчы, на фарбу і атынкоўку школа выдаткавала 4 тысячы рублёў (2 тысячы – з пазабюджэтнага школьнага рахунку і 2 тысячы – з апякунскага савета).

У двух будынках будзе заменены на металачарапіцу дах. Зразумела, што будынкі будуць атынкаваны і пафарбаваны. Гэтыя работы таксама ўжо распачаліся.

Да 1 верасня школа будзе гатова прыняць вучняў, запэўніла дырэктар навучальнай установы. «Работы ішлі б значна хутчэй, не хапае людзей, – адзначае Жанна Іванаўна. – Пакуль што ўся цяжкасць рамонтных работ лягла на тэхперсанал.

Педагогі, якія не ў водпусках, працуюць у аздараўленчым лагеры. У канцы ліпеня настаўнікі пачнуць выходзіць з водпускаў і работы паскорацца. Таксама на дапамогу паклічам бацькоў вучняў, некаторыя літаральна з пачатку рамонту прапаноўвалі сваю дапамогу. Такой згуртаванай талакой мы зможам якасна падрыхтавацца да новага навучальнага года».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *