Доска почёта Шумилинского района: Виктор Боганов

Актуалии Бяспека Общество

“А я заўжды ведаў, што буду выратавальнікам”

Прафесійны лёс начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Шумілінскага РАНС Віктара Баганава склаўся аднойчы і назаўжды. Вось ужо 23 гады ён працуе на адным месцы, прыйшоўшы на пост у Обалі ў 1995 годзе камандзірам аддзялення, а ўжо праз чатыры гады заняўшы пасаду начальніка паста.
“Ды, я заўжды ведаў, што стану пажарным: дом маіх бацькоў знаходзіўся якраз побач з пажарнай часцю ў Шуміліне, – прызнаецца Віктар Генадзьевіч. – Мы хлопцамі штодня туды бегалі”. А таму ў 95-ым, падчас другой хвалі ваенізацыі, калі набіралі супрацоўнікаў на пасты, ён прыслухаўся да парады сябра і пайшоў служыць. І робіць гэта з першага дня і да сённяшняга часу сумленна, самааддана і бездакорна. За гады службы выратавальнік не меў ніводнага спагнання ці наракання, пацвярджанне чаму – медаль “За бездакорную службу”.
У падпарадкаванні В. Г. Баганава – 10 чалавек, і для яго гэта, найперш, высокая адказнасць не толькі ў прафесійным сэнсе, але і за лёс і здароўе кожнага байца. Адсюль строгасць, скрупулёзнасць, патрабавальнасць. “Усё павінна быць так, як павінна быць”, – лічыць начальнік паста, прымяняючы гэты лозунг найперш да сябе, а затым ужо і да саслужыўцаў.
Дадатковую адказнасць адчувае Віктар Баганаў і ў сувязі з абавязкамі, якія ён нясе як дэпутат Обальскага сельскага Савета. Гэта ўсё работа з людзьмі, калі на яго, як на чалавека, што носіць пагоны, ускладаюцца асаблівыя спадзяванні. Віктар Генадзьевіч умее размаўляць з жыхарамі, да яго аўтарытэтнага меркавання прыслухоўваюцца, што вельмі важна для падтрымання бяспечнай сітуацыі ў рэгіёне.
На пасту ў Обалі працуюць дзве адзінкі тэхнікі, на якіх здзяйсняюцца выезды не толькі па раёне, але і за яго межы. Аналізуючы статыстыку, Віктар заўважыў, што за год на Обальшчыне здараецца ў сярэднім па 7 пажараў. Каб знізіць гэту лічбу, мінімізаваць наступствы надзвычайных сітуацый, штодня на пажарным аварыйна-выратавальным пасту ў Обалі праходзяць заняткі, інструктажы, вучэнні, гутаркі з байцамі. В. Г. Баганаў перакананы, што дробязяў у рабоце не бывае. Да гэтага дадаецца і работа па ўтрыманні тэрыторыі і будынкаў паста ў годным стане, рознага роду гаспадарчая дзейнасць.
Карацей, службовыя будні начальніка паста праходзяць напружана. І ён прызнаецца, што без падтрымкі, якую ён адчувае ў сям’і, ён ніколі б не справіўся. Адпачываць выратавальнік любіць актыўна, дапамагаючы па гаспадарцы бацькам ці гуляючы ў валейбол.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *