Агроклассы открыты в Шумилинской районной гимназии и Кордонской школе

Актуалии Образование

Закончыць школу з прафесіяй

З гэтага навучальнага года ў вобласці пачалі работу 24 агракласы. Іх выпускнікі будуць арыентаваныя на паступленне ў сярэднія спецыяльныя ці вышэйшыя навучальныя ўстановы па сельскагаспадарчым профілі.

Адкрыўся аграклас і ў раённай гімназіі. Мы пацікавіліся, што мяркуе новая форма навучання, ці падрыхтаваныя да работы ў новых умовах настаўнікі гімназіі, якія перавагі будуць мець выпускнікі гэтага класа. Намеснік дырэктара гімназіі Наталля Саўчанка расказала, што ў агракласе будуць навучацца 9 чалавек. Веды па такіх школьных прадметах, як матэматыка, фізіка, хімія і біялогія вучні агракласа будуць атрымліваць на павышаным узроўні. Больш поўнае ўяўленне пра сельскагаспадарчыя спецыяльнасці старшакласнікі атрымаюць у час факультатыўных заняткаў “Увядзенне ў аграрныя прафесіі”, які будзе весці настаўніца біялогіі Святлана Кучмарова два разы на тыдзень.  Яна пабывала на двухдзённым семінары ў Мінску, дзе пазнаёмілася з метадамі і асаблівасцямі выкладання факультатыва.

– 1 верасня паміж нашай гімназіяй і Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам (Мінск) быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, які мяркуе сумесную работу па прафарыентацыі вучняў, па папулярызацыі спецыяльнасцяў сельскагаспадарчага і тэхнічнага профілю. Нас чакаюць дні адкрытых дзвярэй, сустрэчы з бацькамі, навучальныя семінары для педагогаў і многае іншае. Таксама дагаворам прадугледжана матэрыяльна-тэхнічная падтрымка працэсу навучання ў агракласе, – гаворыць Наталля Пятроўна.

Аграклас адкрыўся і на базе Кардонскай школы.

Яшчэ адно сур’ёзнае новаўвядзенне ў сістэме адукацыі гэтага года – прафесійнае навучанне старшакласнікаў, якое будзе праходзіць у тым ліку ў рамках шостага школьнага дня.

– Працоўнае навучанне будзе здзяйсняцца на базавым узроўні, – патлумачыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. –  Дзяцей, што атрымліваюць профільнае навучанне, гэта новаўвядзенне не закране.

Пад працоўнае навучанне выдзелена 6 гадзін на тыдзень. Сярэднія школы раёна – СШ №1, СШ №2, Обальская і Мікіціхінская – маюць дастатковую матэрыяльна-тэхнічную базу для таго, каб ажыццяўляць такую работу, запэўніла галоўны спецыяліст аддзела Аксана Талстая. На базе СШ №1 дзеці з абедзвюх шумілінскіх школ будуць вучыцца на швачак і аператараў ЭВМ. Такія ж прафесіі прапанавалі і мікіціхінскім вучням. А ў Обальскай школе вучні змогуць авалодаць прафесіямі швачкі і садавода.

–  Усяго прафесійным навучаннем на базе сярэдніх школ будзе ахоплена амаль 30 вучняў, – падлічыла А. Талстая. –  Па заканчэнні вучобы дзеці здадуць кваліфікацыйны экзамен з прысваеннем разраду.

Сур’ёзныя задачы па перагляду падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу вобласці паставіў перад сістэмай адукацыі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Перш за ўсё робіцца акцэнт на практыкаарыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў, на тое, што эканоміка мае вострую патрэбу ў кваліфікаваных працоўных кадрах. Кіраўнік вобласці даў заданне распрацаваць і ўкараніць абласную праграму па ранняй прафарыентацыі вучняў і папулярызацыі рабочых прафесій у 7-9 класах.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №69 ад 07.09.2018г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *