Галоўнае – з душой і любоўю адносіцца да абаранай прафесіі, тады ўсё атрымаецца, упэўнены механізатары КУСГП «Ульскі» Аляксандр Кляцкоў і Мікалай Калошкін.
Аляксандр і Мікалай – дружны экіпаж камбайна. У камандзе працуюць першы год, абодва маюць вялікі вопыт. У Аляксандра Кляцкова сёлета працоўны юбілей – дзесяць гадоў, як убірае рапс і зерневыя. Сам рамантаваў КЗС – памяняў масла і падшыпнікі, давёў да ладу жняярку.
«Мы ўбіралі азімы рапс ва ўрочышчах Крупеніна, Задоры, Беркавічы, – расказалі механізатары. – Самая добрая ўраджайнасць – на палетках у Мікалаеве і Бубалях. Намалочвалі па пяць бункераў за дзень, у кожным з якіх змяшчалася па 6,8 тоны. Змаглі б і больш намалаціць, калі б не дажджы. А так ловім моманты паміж імі».
Мы заспелі экіпаж камбайнераў на палетках каля вёскі Дубрава. Знешне рапс тут выглядаў дастойна – чысты, высокі. Усяго ў гаспадарцы трэба ўбраць 286 гектараў азімага рапсу на сваіх палетках і 110 га – ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс», расказала намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Валянціна Лабейка. На 28 ліпеня ўбралі 298 гектараў (78,4% да патрэбнага). Працуюць яшчэ тры камбайны, за штурваламі якіх Васіль Аглушэвіч, Валерый Тупіцын, Генадзь Кадукоў. Усе настроены на сур’ёзную работу (ў гаспадарцы яшчэ трэба ўбіраць 850 га азімых і яравых зерневых), толькі б надвор’е ўсталявалася добрае.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

