Семье Аглушевичей из Мишкович — 55

Людзі і лёсы Семья

Сям’я – гэта праца, сям’я – гэта шчасце
Хутка споўніцца 55 гадоў, як Ніна Казіміраўна і Сцяпан Антонавіч Аглушэвічы з вёскі Мішкавічы дзеляць разам радасці і нягоды. Адсвяткаваць ізумруднае вяселле, пражыць больш за паўсотню гадоў разам – гэта вялікае шчасце, лічаць Аглушэвічы.
Яны задаволены сваім лёсам. Прызналіся, што абодва па характары аптымісты: ніколі не мелі звычкі апускаць рукі перад цяжкасцямі. І зараз умеюць радавацца жыццю, поспехам двух сыноў і трох унукаў. Муж і жонка цікавяцца навінамі ў краіне, і зараз, будучы на пенсіі, у абавязковым парадку выпісваюць рэспубліканскую, абласную і раённую газеты. А з “Герой працы” ўвогуле сябруюць усе 55 гадоў, што жывуць разам.
Ніна Казіміраўна і Сцяпан Антонавіч аказаліся цікавымі субяседнікамі. Яны выказалі свой погляд на сямейныя ўзаемаадносіны, паразважалі пра сэнс жыцця і чалавечае шчасце, расказалі пра сваю маладосць. Многа гадоў таму Сцяпан Антонавіч працаваў загадчыкам сельскага клуба ў Мішкавічах. А Ніна з бацькамі жылі ў доме побач з клубам. Больш таго, дзяўчына была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Чарнявая, з кучаравымі валасамі, яна добра спявала і танцавала. “Ну, як не закахацца ў такую?” – усміхаецца Сцяпан Антонавіч. Хутка і вяселле сыгралі. “Хацелі ўсё зрабіць па-сціпламу, але не атрымалася, – кажа Ніна Казіміраўна. – Нашы бацькі былі людзі мудрыя і казалі: “Не пакліч стрыечных сясцёр – пакрыўдзяцца, не пакліч суседзяў – будуць злосць трымаць. Паклічам усіх!” Так што вяселле атрымалася вялікае, з размахам. На стале было многа мясных страў, бо напярэдадні зарэзалі парсюка і некалькі авечак. Абавязковымі стравамі тады былі халадзец і бліны, начыненыя тварагом і проста тонкія са сметанковым маслам. Мне, як нявесце, спадабалася вяселле. Я была ў белай сукенцы і з вэлюмам на галаве”.
Ніна Казіміраўна працавала поварам у мясцовым дзіцячым садзе, затым –  рахункаводам у калгасе. Заўсёды была ў курсе спраў мужа, які на той час быў брыгадзірам у калгасе “Звязда”, што быў у Галях. “Кожны дзень я павінен быў дакладваць старшыні калгаса, колькі намалацілі, пасеялі ці надаілі, – кажа Сцяпан Антонавіч”. За 16 год работы брыгадзірам ён ніколі не быў у водпуску. Затое ўвесь рабочы працэс кожны дзень у яго быў пад кантролем. Мужчына згадаў, як у 70-я гады на ферме Галі былі ледзь не шасцітысячныя надоі, як яго разам з лепшымі даяркамі здымалі на тэлебачанні, як некалькі разоў ездзіў  у Маскву на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. Сцяпан Антонавіч і зараз беражліва захоўвае залатыя і сярэбраныя медалі, што ўручалі ў Маскве.
Аглушэвічы з годнасцю вытрымалі ўсе бытавыя праблемы, безграшоўе, будаўніцтва ўласнага дома,  перажыванні за дзяцей і ўнукаў. Заўсёды былі і застаюцца памяркоўнымі адзін да аднаго, да родных. Тым не менш мужчына лічыць, што мікраклімат у сям’і стварала жонка. Мяккая, уважлівая, зычлівая, добрая, яна заўсёды старалася, каб дзецям і мужу было камфортна. “Сям’я – гэта праца, – кажа жанчына. – Жыццё ўвогуле нічога нам не дае без працы. Для таго, каб дастойна жыць, трэба многа працаваць. Важна вырашыць, што для цябе галоўнае: каханне і разуменне ці багацце. Да апошняга мы ніколі не імкнуліся. Затое заўсёды з радасцю вярталіся дадому, дзе цябе чакаюць і любяць. Думаю, гэта і ёсць шчасце”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 76 ад 29.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *