Из Латвии – в Беларусь: «Мы приехали в страну, где всё делается для людей»

Людзі і лёсы Общество

«Мы прыехалі ў краіну,  дзе ўсё робіцца для людзей»

Алена і Аляксей Зелянковы, якія ў мінулым годзе прыехалі з Рыгі ў вёску Пабеда Лаўжанскага сельсавета, упэўнены,  што Беларусь  – краіна, дзе ўсё робіцца для людзей.

Памяняць месца жыхарства сям’я вырашыла з-за дачкі Алісы. У Латвіі закрываліся рускія школы, і дзяўчынка была вымушана вучыцца анлайн. Аляксей (у былым дальнабойшчык) і Алена (працавала ў гандлі) выбралі Беларусь з-за таго, што яна міралюбівая, блізкая па духу і сацыяльным укладзе. У Беларусі ніколі не былі, але многа чыталі пра яе. Да таго ж, у Бешанковічах жывуць знаёмыя, якія пераехалі з Латвіі і задаволены. А дзед Аляксея быў родам з Віцебскай губерні.

У Рызе прадалі кватэру, маёмасць, пагрузілі асабістыя рэчы ў легкавушкі і рушылі ў дарогу. На сямейнай нарадзе дамовіліся, што будуць купляць дом у сельскай мясцовасці. Паглядзелі некалькі варыянтаў у розных раёнах, але даспадобы прыйшлася Пабеда. Калі пад’язджалі да яе і ўбачылі царкву, якая ўзвышаецца над возерам, Зелянковы пераглянуліся і моўчкі зразумелі адзін аднаго…

Вялікі дом з газавым ацяпленнем, вадой і каналізацыяй сям’ю задаволіў. Зрабілі касметычны рамонт, пачалі займацца добраўпарадкаваннем сядзібы – узвялі вакол высокую агароджу, пабудавалі парнік. І сёлета ўжо атрымліваюць першую гародніну з агарода.

Зелянковы ўдзячны работнікам Лаўжанскага сельвыканкама, спецыялістам падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС за садзейнічанне ў пытаннях афармлення дакументаў. Пакуль сям’я мае дазвол на часовае пражыванне, таму на работу можна ўладкавацца толькі па запыце наймальніка ў міграцыйную службу. Аляксей, які мае вадзіцельскае пасведчанне трактарыста і машыніста экскаватара, падаў заяўку ў некалькі арганізацый. Алена пакуль плануе быць дамашняй гаспадыняй. Ёй ёсць чым заняцца: немалы агарод, завялі курэй парод “маран”, “білефельдар”, “амераукана”,“аўстралорп”. Мараць набыць яшчэ і козачак. Усю гэтую гаспадарку ёсць каму абараняць: вялізнага алабая Хана, кінг-чарльз-спаніэляў Пуфіка і Луну прывезлі з сабой.

Зелянковым падабаецца іх другая радзіма, мясцовыя людзі і побыт. Больш за ўсіх задаволена Аліса. Яна закончыла ў Рызе два класы ў анлайн-школе, а ў Мікіціхінскую СШ пайшла ў трэці клас.

«Вучуся з радасцю, заявіла дзяўчынка. Люблю матэматыку, беларускую і нямецкую мовы. У мяне добрыя настаўнікі. Ёсць і сяброўка Вара Купрыянава. Наведваю музычную школу, вучуся іграць на акардэоне і сінтэзатары. Танцую і спяваю, выступаю на канцэртах».

У бліжэйшых планах сям’і  – узвесці лазню, прыбудаваць да дома веранду. «Мы прыехалі ў краіну, дзе ўсё робіцца для людзей,  –  упэўнены Зелянковы. – Тут будуюцца дамы, адкрываюцца магазіны, бальніцы. Наўрад ці знойдзеш яшчэ краіну, дзе ў самыя аддаленыя вёскі, нават да адной бабулькі, прыязджае аўталаўка ці мабільны ФАП. Нядрэнныя транспартныя зносіны: з Пабеды ў райцэнтр можна дабрацца на рэйсавым аўтобусе. Дзецям ёсць магчымасць бясплатна наведваць гурткі. Нам падабаецца Беларусь, Шумілінскі раён. І мы тут застаёмся».

Як расказала старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава, Зелянковы актыўныя памочнікі ў навядзенні парадку ў вёсцы. Яны абкошваюць тэрыторыю вакол брацкага пахавання, каля мясцовага храма, прымаюць удзел у суботніках.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *