Люди и судьбы: нелёгкая доля Татьяны Полисадиной

Людзі і лёсы

“З Германіі адзін ліст да таты і дайшоў…”
У Таццяны Уласаўны Палісадзінай з Шуміліна доля была нялёгкай. З самага дзяцінства, з малых гадоў, калі памерла матуля. Тата не стаў доўга маркоціцца і прывёў у хату другую жанчыну. Мачыха маленькую Танюху неўзлюбіла адразу: не давала паесці, загружала работай так, што не хапала часу на ўрокі. Праўда, на гэтай глебе тата сварыўся з новай гаспадыняй. Яна каялася, аднак праз дзень-другі забывалася на абяцанні, і ўсё пачыналася зноў.
— У Германію забіралі, яна  нічога з сабою не дала, — згадвае Т. У. Палісадзіна. — Паехала — у чым стаяла…
Ціхай расла маленькая дзяўчынка ў вёсцы Язвіна. Між тым, перад вайной і ў калгасе папрацавала. Бывала, жанчыны, ведаючы, што галодная, вялі яе на полудзень да сябе, адагравалі яе добрае і чулае сэрца.
А тут вайна. У жніўні 41-га з Язвіна забіраюць у Нямеччыну моладзь. Не пазбегла такой долі і Таня Гнедава (дзявочае прозвішча). Павезлі яе разам з усімі ў Віцебск, дзе чакалі “каля цэрквы”, а затым на “скатавозе” — ажно да Беластока. Тут і разбіралі дармавую сілу нямецкія баўэры. Танюша Гнедава была дробнай і ціхай, як птушанё, і ніхто яе не хацеў браць: усім былі патрэбны рослыя і дужыя маладыя людзі. Нарэшце ўзялі. А работнікі галодныя, знясіленыя дарогай, і нехта з дзяўчат і пытаецца: ”Ці скора ж прыедзем?”. А немец адказвае: ”Скора, скора!” І па-руску.
Прывялі ў брукаваны двор, дзе стаіць доўгі стол, а на ім зацірка і па кавалку хлеба. Падумалі — добра будуць карміць, але памыляліся.
Таццяна  выпампоўвала з дзяўчатамі спірт, ён капаў, праліваўся, ад выпарэнняў вечарам дужа балела галава. Капалі буракі, абмалочвалі жыта, насілі гной — рабілі ўсё, што загадвалі. З беларусамі былі і палякі, і тыя падбухторылі Таньку на шкоду. Пайшлі аднойчы ў гарох, спалохалася дзяўчынка і кінулася ўцякаць. Тады дала сабе зарок: паміраць будзе — а ў шкоду не пойдзе!
Таццяна пісала дамоў лісты. Шмат лістоў — сумавала па вёсцы, па тату. Але з Германіі бацька атрымаў ад нявольніцы ўсяго адзін ліст. Яна пісала: ”Мы, тата, марскія зоркі бачым…”. Чаму “марскія”, яна не ведала. Але тата зразумеў: галадае!
Вызвалілі іх рускія. Пасля вайны знайшла сабе язвінскага хлопца. Суседскага. Жылі па першым часе ў яго бацькоў. А затым далі Мікалаю Палісадзіну як абходчыку жыллё ў Шуміліне. З’язджалі ціха. Яе тата даў каня. Ускулілі яны на воз вузельчык і паехалі. Ні шафы тады не нажылі, ні добрага адзення…
Старэйшы сын Віктар (ён аддаў 25 гадоў рэдакцыі газеты “Герой працы”, памёр, на жаль, малады) быў жанаты, калі памёр бацька. Не вельмі задалося жыццё ў дачкі Галі. Але Таццяна Уласаўна і для дзяцей і ўнукаў была заўсёды ўважлівай, душы ў іх не чула.
Ёй на днях 85. Жыве сёння адна ў даччынай кватэры. Сумна і маркотна жанчыне: рана памерлі дзеці. Але да яе прыходзіць нявестка, наязджаюць сваякі з Язвіна, заходзяць суседзі…
Нягоды Т. У. Палісадзіну загартавалі.
Мікалай МАРОЗ.
На здымку: з дачкой Галяй (80-ыя гады. З сямейнага архіва).
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *