К 85-летию со дня рождения Героя Советского Союза Зинаиды Портновой

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Яна неўміручая, яна жывая
Час няўмольны, ён немінуча аддаляе нас ад  вайны, якая прынесла шмат нягод, прынесла гора, слёзы і кроў.  І чым далей Вялікая Айчынная, тым больш палкай павінна быць наша любоў да тых, хто не шкадаваў свайго жыцця ў імя сённяшняй шчас-лівай долі. Аднак змяняюцца пакаленні, паступова прытупляецца памяць, нашы дзеці і ўнукі шануюць далёка не тое, што было святым для цябе, з 70-х.
Вось чаму нельга пераацаніць  ролю абласной навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла нядаўна ў сценах Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай. Менавіта пра юную гераіню-падпольшчыцу Зіну Партнову і вялі гаворку на форуме, прысвечаным 85-ай гадавіне з дня нараджэння гэтай юнай ленінградкі.
Наладзіла канферэнцыю праўленне абласной арганізацыі “Беларускае таварыства “Веды”. У фае школы, перад бюстам славутай падпольшчыцы, прайшло ўшанаванне яе памяці. Кветкі на пастамент усклала дачка кіраўніка падпольнай групы “Юныя мсціўцы” Е. С. Зяньковай Святлана Дзмітрыеўна.
Адкрыў канферэнцыю намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч прадставіў слова першаму намесніку старшыні праўлення абласной арганізацыі “Веды” В. М. Грузневічу, які  зачытаў вітальны адрас, дасланы з Санкт-Пецярбурга малодшай сястрой гераіні Галінай Мартынаўнай Мельнікавай.
Затым  слова даецца доктару гістарычных навук, лектару таварыства “Веды” В. А. Космачу. Дакладчык выступіў па тэме: “Другая сусветная вайна: урокі гісторыі і сучаснасць (да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны)”. Ён спыніўся на цікавых фактах перыяду вайны 1941-1945 гадоў, аргументавана даказаў, што моцны, нязломны дух савецкага чалавека адыграў істотную ролю ў вялікай Перамозе.
Асабіста знаёмая з Г. М. Мельнікавай другі дакладчык, дацэнт Л. В. Лукіна, таму  выступленне яе было жывым і блізкім аўдыторыі (акрамя вучняў мясцовай школы,  у рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел ідэолагі-актывісты раёна, настаўнікі). Цікавая дэталь: у піцерскай трохпакаёвай кватэры Галіны Мартынаўны адзін пакой адведзены для экспанатаў Зіны Партновай. Тут і яе асабістыя рэчы, і віншавальныя тэлеграмы, і кніжкі, прысвечаныя яе жыццю і бессмяротнаму подзвігу.
За трыбунай — першы сакратар РК ГА БРСМ Юлія Галуза. З яе вуснаў гучаць словы ўдзячнасці юнакам і дзяўчатам ваенных 40-х, што не пабаяліся вышкаленага ворага, выступаючая ўпэўнена, што памяць пра Зіну Партнову, іншых обальскіх маладагвар-дзейцаў не змеркне з гадамі. Такім быў лейтматыў выступлення бібліятэкара школы, старшыні пярвічнай арганізацыі “Веды” А. І. Асаевіч.
Аб  працы над кнігай “Папялішча — не тлен” расказаў яе аўтар, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Герой працы” М. А. Мароз.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, В. М. Грузневіч падзякавала актыву Обальскай СШ, раённай арганізацыі таварыства “Веды” (старшыня П. У. Спірыдонаў) за шаноўнае і беражлівае стаўленне да подзвігу обальскіх “Юных мсціўцаў”,  выказвае ўпэўненасць, што і ў далейшым памяць пра іх застанецца непахіснай і свяшчэннай.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *