Страницы истории района: воспоминания Анны Лосевой

Край шумілінскі

«У радзільным аддзяленні было па 18-20 парадзіх»

В родильном отделении Шумилинской райбольницы. 60-е годы

У 1946 годзе я дэмабілізавалася з арміі. З 1950 года пачала працаваць акушэркай у радзільным аддзяленні Шумілінскай райбальніцы.
У той час на змене ў аддзяленні працавалі толькі акушэрка і санітарка. Урач, акушэр-гінеколаг Кацярына Антонаўна Палоўнікава акрамя работы ў нашым аддзяленні прымала пацыентаў ў жаночай кансультацыі, вяла хворых у тэрапеўтычным аддзяленні.
Работа была цяжкая, усё на руках. Санітарка, прыйшоўшы на работу, павінна была нанасіць 10-вядзёрны кацёл вады (ваду прывозілі на кані ў бочцы), прынесці дровы і брыкет, нагатаваць вады, прапаліць печы ў аддзяленні, вымыць падлогу. Санітарка насіла з кухні ваду для піцця, сняданак, абед і вячэру, разносіла стравы па палатах, потым збірала і мыла посуд.
За дзень у аддзяленне паступала 4-5 пацыентаў. Усіх трэба было вымыць у прыёмнай, пераапрануць. Санітарка дапамагала пры родах, аперацыях. Тэлефонаў і транспарту не было, калі тэрмінова быў патрэбны ўрач, то за ім бегла санітарка.
Санітаркі выконвалі самую цяжкую і брудную работу. Працавалі заўжды добрасумленна. Аддзяленне было на добрым рахунку. У новай бальніцы стала працаваць лягчэй. Дадаткова з’явіліся калідорная санітарка і раздатчыца.
У 50-я гады, у самы цяжкі час, працавалі санітаркамі В. П. Аўсяннікава, М. М. Пахоменка, Н. Д. Шнітко, Р. І. Міхайленка, З. П. Васільева. У гэты ж час працавалі акушэркі Н. М. Сапешка, А. Сотнікава, Л. Д. Пяруцкая, М. Е. Шлупакова.
Акушэркі прымалі паступаючых жанчын: каму раджаць, каго на лячэнне. Прыбораў не было ніякіх, акрамя стэтаскопа. А кожную жанчыну трэба агледзіць, сабраць анамнез, вызначыць палажэнне плода, правесці ўнутранае даследаванне, усё падрабязна запісаць у гісторыю родаў.
А парадзіхі, немаўляты, іх маці таксама не чакаюць. Крыкі, хваляванні. Кожныя тры гадзіны дзяцей трэба спавіваць, прынесці маці, каб пакармілі, праз паўга-дзіны сабраць у дзіцячую палату. І так сем разоў за суткі. У радзільным аддзяленні магло быць па 18-20 жанчын і па 15-18 дзяцей. А яшчэ трэба прымаць роды, назіраць за парадзіхамі. Галава кругам: да каго трэба ў першую чаргу, хто пачакае?
А тут пачынаюцца роды. Усё кідаеш, бяжыш у радзільную залу. Добра, калі ўсё ў норме, а калі ўскладненні – бяжыш за ўрачом дамоў. Калясак ці каталак не было. Пасля родаў санітарка з акушэркай на руках неслі парадзіху ў палату – першыя суткі жанчынам хадзіць забаранялася.
З урачом-акушэрам робім абход, запісваем назначэнні, аглядаем пацыентаў. Потым прыходзіў дзіцячы ўрач – аглядаем, апрацоўваем нованароджаных. Запісваем у гісторыю назначэнні, прышчэпкі. Спавіваем дзяцей.
Вельмі многа работы і тады было з дакументамі. Часта акушэрка пасля здачы змены сядзіць і піша ўсё, бо не паспела за змену гэта зрабіць.
Толькі ў сярэдзіне 50-х далі дзіцячую сястру (першай была Е. А. Волкава), якая працавала з 8.30 да 15.00. Потым у аддзяленні заставаліся толькі акушэрка з санітаркай. Але стала лягчэй, бо дзіцячая сястра ўзяла асноўную работу з нованароджанымі. Гадоў праз пяць дзіцячая сястра стала дзяжурыць кругласутачна. Дзіцячымі сёстрамі працавалі Р. І. Цуранава, Л. Р. Отава, Г. І. Малюціна, А. Г. Дрэвіна, К. І. Іванова.
Доўгі час у аддзяленні працавала К. А. Палоўнікава, потым Шчукіна. Прыйшлі працаваць урачы В. М. Путава, Л. Е. Вільнеўская. З’явіліся каталкі, тэлефоны, хуткая дапамога. Пабудавалі новую бальніцу. Працаваць стала лягчэй. Палепшыліся ўмовы абслугоўвання, умовы працы для медыцынскіх работнікаў.
Надрукавана ў №9 ад 4.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *