«Прямую линию» в Шумилинском районе провёл заместитель начальника УВД облисполкома В. И. Попко

Актуалии Общество

На прамой сувязі – міліцыя
На мінулым тыдні “прамую лінію” ў рэдакцыі газеты праводзіў намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама У. І. Папко.
На “прамой лініі прысутнічаў начальнік Шумілінскага РАУС В. В. Мядзвецкі.
Яшчэ перад пачаткам “прамой лініі” Уладзімір Іванавіч адзначыў, што сувязі з насельніцтвам, як аснове сумеснай дзейнасці грамадства і органаў аховы правапарадку па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў, у міліцыі надаецца асаблівая ўвага.
Таму правядзенне сустрэч з насельніцтвам, “прамых ліній”,
вырашэнне ўзнятых людзьмі пытанняў – пастаянная практыка ў рабоце органаў унутраных спраў, якая дае свой эфект, дапамагае ўмацаваць давер да міліцыі.
Першы званок быў з Шуміліна. Т. Я. Жураўкіна паскардзілася, што ў яе агарод з гаражных кааператываў пастаянна трапляе смецце, гаражны праезд пераўтварылі ў дарогу, па якой арганізаваўся ажыўлены рух. Пытанне патрабавала дадатковага вывучэння, па выніках якога і будзе дадзены пісьмовы адказ.
Два званкі – з Обалі і Шуміліна — тычыліся сур’ёзнай праблемы алкагалізацыі насельніцтва, незаконнага гандлю алкаголем, у Обалі яшчэ і гандлю наркатычнымі рэчывамі. Па гэтых званках было вырашана правесці кантрольныя мерапрыемствы і выявіць такія “кропкі” і нядобрасумленных грамадзян, каб прыцягнуць іх да адказнасці.
Яшчэ адно праблемнае пытанне было ўзнята ў Шуміліне. У райцэнтры шмат прыватных уладальнікаў вялікагрузных аўто, якія стаяць ля дамоў гаспадароў, ствараючы праблемы для вадзіцеляў, пешаходаў ды і суседзяў. Па выніках рэйду ДАІ ўладальнікі цяжкавагавага аўтатранспарту атрымалі папярэджанне. Але яны ставяць пытанне: “Куды ставіць машыны? Чаму б не стварыць спецыялізаваную платную стаянку з аховай на пустуючых плошчах былой “Сельгастэхнікі” ці “Сельгасхіміі”? І “Райаграсэрвісу” будзе дадатковы даход, і вадзіцелі будуць спакойныя, і праблема вырашыцца”.
Да таго, такі безнаглядны транспарт стварае дадатковую базу для крадзяжоў і пагаршае крымінальную сітуацыю ў раёне, дадаў У. І. Папко.
Як патлумачыў В. В. Мядзвецкі, названы рэйд праводзіўся з мэтай вывучэння пытання. Гэта патрабаванне новых Правілаў дарожнага руху, за парушэнне прадугледжаны значны штраф. Прапановы аб арганізацыі платнай стаянкі будуць унесены на разгляд зацікаўленых бакоў.
Пытанне Іванова П. І. са Светласельскага закранала пытанне работы ўчастковага інспектара: “Калі яго можна пабачыць? Участковы пастаянна заняты на выкананні розных іншых абавязкаў”.
Такая праблема існуе, пацвердзіў У. І. Папко, участковы інспектар мае шмат службовых абавязкаў у РАУС, без гэтага не абысціся. Калі ёсць канкрэтныя прэтэнзіі да ягонай работы, будзем разбірацца. Калі ёсць асабістая неабходнасць, ён з вамі звяжацца, адказалі П. І. Іванову.
У заключэнне Уладзімір Іванавіч пацвердзіў неабходнасць супрацоўніцтва супрацоўнікаў міліцыі з газетай, раённым радыё, падкрэсліў неабходнасць прапаганды станоўчага вопыту сумеснай дзейнасці грамадства і органамі аховы правапарадку. Толькі агульнымі намаганнямі можна зменшыць колькасць злачынстваў, павысіць імідж работніка міліцыі, давер да яго.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *