Старейший храм Шумилинского района встретил престольный праздник в обновлённом интерьере

Духоўнае

У гонар Сергія Раданежскага
8 кастрычніка ў храме Сергія Раданежскага ў Лескавічах прайшлі святочныя богаслужэнні з нагоды прастольнага свята – дня памяці Прападобнага Сергія Раданежскага. Тое, што ў нашым раёне ёсць храм, які асвечаны ў гонар гэтага вялікага святога, вельмі важна для духоўнага развіцця рэгіёна.
Протаіерэй Фёдар Пучынскі, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі, цікава расказваў прыхаджанам пра дзейнасць святога, пра тое, што да яго можна звяртацца за дапамогай у любых справах. Да прыкладу, лічыцца, што Сергій Раданежскі дапамагае ў навучанні. Яго жыццёвы шлях – прыклад неспасціжнай сілы духу, магутнай веры і жадання несці дабро, дапамагаць людзям. З імем святога звязана шмат гісторый, якія сведчаць пра яго цудадзейныя магчымасці.
Узнесці малітву, разам з прыхаджанамі адзначыць гэтае свята, сабраліся ў старэйшым  і адным з прыгажэйшых храмаў Шуміліншчыны свяшчэннаслужыцелі нашага і іншых раёнаў вобласці. У гэты дзень былі ўшанаваны шумілінцы, якія шмат робяць на карысць праваслаўнай веры ў раёне, а таксама з рук благачыннага падарункі атрымалі вернікі, якія ў гэты дзень адзначылі імяніны. Людзі, якія прыйшлі ў храм, абавязкова будуць апякацца святым, адчуюць яго дапамогу, заўважыў Фёдар Пучынскі. Асабістая маленькая малітва кожнага чалавека ўліваецца ў вялікую раку агульнай вялікай малітвы і становіцца ад гэтага больш моцнай і дзейснай. А гэта вельмі важна, для гэтага і трэба ісці ў храм, упэўнены святар.
Сёлета ў храме Сергія Раданежскага быў зроблены капітальны рамонт, і ў прастольнае свята ён сустрэў вернікаў поўнасцю абноўленым, па-сапраўднаму святочным. Айцец Фёдар расказаў прыхаджанам, што ў царкве вяліся грунтоўныя работы па рэстаўрацыі сцен, столі, падлогі. Яшчэ плануюць паставіць новую агароджу і добраўпарадкаваць двор. У гэтай важнай рабоце царкву заўжды падтрымліваюць людзі, якім, як заўважыў айцец Фёдар, Бог даў магчымасці і ўменне працаваць, зарабляць грошы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *