Светлай памяці паэта: Ад Рыжэнькаў да самае трызны…

Духоўнае

Светлай памяці паэта: Ад Рыжэнькаў да самае трызны…
Прыйшла жалобная вестка – памёр Алег Салтук.
Пайшоў у нябыт наш зямляк, чалавек, які беззапаветна любіў  людзей, любіў праўду і змагаўся за тое, каб праўдзіва жыў кожны з нас. Пайшоў у нябыт, але застаўся з намі навечна. І найперш – дзякуючы сваёй шчырай і светлай паэзіі, дзякуючы таму, што ўсяго сябе, дарэшты аддаў служэнню неўміручаму беларускаму слову, сваёй сыноўняй любові да Бацькаўшчыны.
Лёс неаднойчы спаслаў мне радасць сустрэч з Алегам Уладзіміравічам. Ён у свой час падставіў сваё надзейнае плячо мне як пісьменніку-пачаткоўцу, і наогул быў, калі хочаце, хросным бацькам не аднаму пакаленню творцаў. Алег Уладзіміравіч ніколі не крывіў душой, у ім  чужы боль і боль па сваёй маленькай радзіме, па Шуміліншчыне, быў абвостраным і пякучым, боль гэты жыў у ім пастаянна,  жыў да самага апошняга ўздыху.
Сэрца ў любога  паэта – не камень, яно ўражлівае, нават ранімае, а ў Алега яно было яшчэ і сумленнае, і знясіленае болем. Асабліва балела яму і па Рыжэньках, дзе нарадзіўся і хадзіў пад стол пяшком, і па Ушаччыне, куды пераехалі ягоныя бацькі, не дачакаўшыся, пакуль скончыць Алег школу ў Мішкавічах. Пазней, пасталеўшы і вызначыўшы свой творчы шлях і почырк, ён пераехаў у Віцебск, дзе і знайшоў свой апошні спачын.
Тры радзімы было ў А. Салтука, але самай усцешанай і самай любай для яго на ўсё жыццё засталася вёска Рыжэнькі.
Засталася ў сэрцы рэчка Нярэшня, засталіся краявіды, мілыя з дзяцінства, і калі вёска абязлюдзела, ён успрыняў гэта як самы незагойны боль. З тугой і не раз вяртаўся ён у сваіх вершах у краіну свайго дзяцінства…
Асаблівая пяшчота і непрыхаваны боль жылі ў ім па матулі. “Няхай цябе агорне і вартуе анёлка найсвяцейшае крыло”, – зычыў ён свайму самаму дарагому на зямлі чалавеку, а ў вершы “Чорны дзень”, датаваным 7 лістапада 1991 года, прызнаўся, як “збалела ўшчэнт мая душа”, як “усё наўкол, нібы ў тумане”, бо не стала з імі матулі…
Плыве паром,
Дрыжыць вада.
І хутка ўжо святая брама.
Якая чорная бяда:
Не будзе болей нашай мамы!
Верш адрасаваўся сёстрам, якіх вельмі любіў і якія адказвалі яму сваёй светлай сястрынскай любоўю, і гэты верш трагічным чынам пераклікаецца (гэта разумееш сёння, праз дваццаць з лішнім гадоў пасля той жалобнай падзеі) з сённяшняй жалобай, з вобразам таго “парома”, які адплыў, пакінуў бераг і ўжо ніколі не вернецца.
Не, усё-такі ён будзе да нас вяртацца – Паэт. Чалавек. Беларус. Вяртацца праз тысячы шчырых вершаваных радкоў, вяртацца той бессмяротнай спадчынай, якую пакінуў сваім нашчадкам. Пакінуў нам больш дзесяці кніжак паэзіі, пакінуў сотні вершаў, аддаўшы сотні долек свайго збалелага сэрца.
Ніколі не трэба зайздросціць лёсу сапраўднага паэта. Паэт такога гучання, як Алег Салтук, згарае рана, згарае дачасна. Бо ён блізка да сэрца прымае ўсё тое, што для звычайнага чалавека застаецца звычаёвым і надзённым. А яму балела.
Пайшоў з жыцця спавядальны лірык і паэт з суровай грамадзянскай пазіцыяй. Шкада і прыкра, што не ўсе разумелі ягоны боль, горыч ягоных душэўных страт і пакут. Але тыя, хто любіў і любіць паэзію Алега Салтука,  хто дакрануўся сэрцам да яго трапяткога радка,  даўно ўсвядомілі, наколькі светлы і ўдзячны след пакінуў ён на нашай грэшнай зямлі.
Пакінуў, каб назаўсёды знайсці дастойнае месца ў нашых сэрцах. І тых, хто добра яго ведаў як чалавека, і тых, хто ведаў яго як Паэта-лірыка, Паэта-грамадзяніна, хто вучыўся на ягоных вершах, становячыся пад уплывам яго паэзіі  больш чыстым і чалавечным…
Няхай  памяць пра Алега Салтука ў кожным з нас застанецца некранутай, жывой і бессмяротнай.
Пухам табе зямля, дарагі і слаўны зямляк!
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *