К 1025-летию крещения Руси. Пусть в каждой душе загорится искра христианства

Духоўнае Образование Общество

“Няхай ў кожнай душы запаліцца іскра хрысціянства”
Незвычайнае мерапрыемства  прайшло на мінулым тыдні ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Пунсовы ветразь”. Шумілінскі ГДК разам з Шумілінскім благачыннем правялі для дзяцей, што адпачываюць у лагеры, сустрэчу “З верай у душы”. Яна была прысвечана святкаванню 1025-й гадавіны прыняцця хрысціянства на Русі.
Дзеці прыйшлі да Свята-Сергіеўскага храма, што у вёсцы Лескавічы. Тут іх чакалі работнікі ГДК і дыякан Вадзім. Вядучы мерапрыемства Аляксандр Карнілаў расказаў пра знамянальную дату, нагадаў некаторыя старонкі гісторыі Старажытнай Русі. Прадстаўнік царквы паведаў пра царкву Прападобнага Сергія Раданежскага – адзін са старэйшых будынкаў нашага раёна, які быў узведзены ў 1870 годзе. Расказаў і пра нялёгкі лёс храма – у гады барацьбы з рэлігіяй тут былі знесены купалы, месціўся клуб, потым збожжасховішча. Адраджэнне храма пачалося ў 1988 годзе.
Незвычайная экскурсія прадоўжылася ў царкве. Дыякан Вадзім падрабязна расказаў пра ўнутраную будову храма, яго ўбранне, раскрыў глыбінны, духоўны сэнс асобных дэталяў, гісторыю іх узнікнення.
Дыякан нагадаў старонкі гісторыі хрысціянства, яго прыход да ўсходніх славян. Вядомыя дзецям з падручнікаў гісторыі імёны княгіні Вольгі, князя Уладзіміра, князёў Аскольда і Дзіра, візантыйскага імператара Канстанціна набылі новае значэнне, дапоўніліся цікавымі фактамі. Дзеці ўважліва слухалі прамову, задавалі пытанні.
Клірык паспрабаваў раскрыць сутнасць асноўных палажэнняў хрысціянства на мове, зразумелай дзецям, і, здаецца, гэта яму ўдалося. Што ёсць Бог, душа, дабро і зло  – гэтае і іншае стала больш зразумелым для юных слухачоў. Падрабязна дыякан Вадзім расказаў і пра таінства хрышчэння, яго сутнасць, значэнне для кожнага чалавека. Ён шчыра дзякаваў дзецям і выхавальнікам за ўвагу, выказаў надзею, што размова пакіне ў душы кожнага маленькую іскру, з якой распаліцца полымя духоўнасці і хрысціянскай веры.
Найлепшай ацэнкай яго размовы былі словы падзякі ад дзяцей, апладысменты, можа, і не зусім да месца ў храме, але шчырыя і таму даравальныя. Дзеці выходзілі з царквы з узнятым, нейкім святочным настроем, узбуджана абмяркоўваючы паміж сабой пачутае.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *