Вопросы развития личных подсобных хозяйств рассматривались на сессии Светлосельского сельского Совета депутатов

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Свая гаспадарка дадае незалежнасці
На прыватных падворках Светласельскага сельскага Савета ў 2007 годзе было 166 кароў, сёлета – 87, амаль у два разы менш. Прычыны гэтай з’явы далёка шукаць не трэба: тыя, хто хоча трымаць гаспадарку, ужо не могуць, тыя ж, хто можа, не хочуць. Насельніцтва старэе, моладзь выязджае, мода на кароў і іншую дамашнюю жыўнасць праходзіць.
Дзяржава ж зацікаўлена, каб эканоміка прыватнага падворка мацнела, набірала абароты.У нашай краіне нават прыняты спецыяльны Закон «Аб асабістых падсобных гаспадарках».
Пра ход рэалізацыі гэтага закона і ішла размова на чарговай сесіі Светласельскага сельскага Савета. Старшыня сельвыканкама В. В. Шчарбакоў больш аперыраваў лічбамі са знакам мінус. Так, сёння на тэрыторыі сельсавета 891 прыватная гаспадарка (у 2007 годзе – 926), з іх толькі ў 142 (у 2007 годзе – у 369) ёсць жывёла. Трэба сказаць, што негатыўны ўплыў акзала АЧС, пагроза якой прывяла да рэзкага скарачэння свінога пагалоўя. І вось сёння практычна няма жывёлы на прыватных падворках у вёсках Ільінцы, Засіннікі, Цербяшова, Хацілава, Саладухі, Завяззе.
Затое зараз мацуецца іншая тэндэнцыя: расце колькасць так званых “малочных фермераў”, якія перакананы, што калі ўжо трымаць карову, дык не адну. Віктар Вікенцьевіч расказаў, што на тэрыторыі сельсавета 18 гаспадароў трымаюць па дзве каровы і больш. Сфарміраваліся і паспяхова развіваюцца фермерскія гаспадаркі, яны ўносяць істотны ўклад у вытворчасць сельгаспрадукцыі. Так, ужо ў 2015 годзе Семянькова Н. А. здала дзяржаве больш за 13 тон малака, Маскалькова Н. П. – больш за 12 тон, Арол А. А. – 9,4 тоны.
Вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі звязана з вырашэннем многіх пытанняў: нарыхтоўкай кармоў, здачай малака, кантролем за якасцю малочнай прадукцыі, закупам цялят і іншымі. І толькі таму, хто не трымаў ні карову, ні казу, гэтыя пытанні здаюцца неістотнымі. Гаспадароў жа прыватных падворкаў гэтыя пытанні вельмі хвалююць, і на сесіі ім было ўдзелена дастаткова ўвагі.
Сваё бачанне рашэння існуючых праблем выказалі першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко, дырэктар УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» У. В. Касьянаў, якія прынялі ўдзел у рабоце сесіі.
Погляд знутры на развіццё прыватнай гаспадаркі выказаў Андрэй Раманаў з вёскі Лажок, іншыя гаспадары.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *