Доска почёта Шумилинского района: ДРСУ № 204

Актуалии Экономика

Дарогі патрэбны ўсім
Інтарэс да таго, чым жыве філіял “Шумілінскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №204” камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд”, звязаны не толькі з тым фактам, што дарожнікі ў нядзелю адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста і дарожніка. А яшчэ і з тым, што гэта прадпрыемства стала адным з пераможцаў сярод арганізацый раёна па выкананні ўстаноўленых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця  ў 2014 годзе і было занесена на раённую Дошку гонару.
Едзеш ты за рулём свайго аўто, ці бяжыш на спатканне, ці, скажам, адправіўся ў далёкую паездку на аўтобусе, а можа ты школьнік і спяшаешся на заняткі – у любым выпадку табе патрэбна дарога. Мы імчым па дарозе жыцця і вельмі хочам пры гэтым мець пад нагамі самую рэальную і, пажадана, – надзейную дарогу. Добрая дарога – гэта не толькі камфорт, прыгажосць, зручнасць, але і прэстыж, калі хочаце.
Над гэтым у нашым раёне працуе 61 чалавек – працаздольны, зладжаны, здатны выконваць пастаўленыя задачы калектыў ДРБУ-№204 пад кіраўніцтвам начальніка Руслана Насцюшкіна. Галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Раманаў заўважыў, што калектыў даўно склаўся і цякучкі, як кажуць, няма. Касцяк складаюць людзі са стажам і багатым жыццёвым вопытам, на якіх можна палажыцца, і якія не стануць шукаць лёгкага хлеба, не падвядуць у цяжкую часіну. Калі прыходзяць талковыя маладыя людзі, якія сапраўды хочуць працаваць, таксама застаюцца ў калектыве.
Усяго па раёне прадпрыемства абслугоўвае 670 кіламетраў дарог, падтрымлівае іх у годным стане, рамантуе. Не ўсё так проста сёння з фінансаваннем гэтых работ, але тым не менш пастаянна вядзецца ямачны рамонт, нядаўна, напрыклад, заасфальтавалі самыя “праблемныя” ўчасткі дарог у Лескавічах і Башнях. Гэта работа ідзе ў планавым рэжыме.
Сёння нікому не трэба расказваць пра крызіс, які “скарэкціраваў” работу многіх прадпрыемстваў па краіне, “урэзаў” магчымасці. Грошай на ўсё, што хацелася б, і што трэба рабіць, не хапае. Таму кіраўніцтва прадпрыемства пастаянна занятае пошукам аб’ёмаў работ, у тым ліку і за межамі нашага раёна. Напрыклад, сёлета, расказаў галоўны інжынер, нашы дарожнікі працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі санаторыя “Чыгуначнік” у Лётцах, удалося выйграць тэндар на работы па добраўпарадкаванні прамысловай зоны прадпрыемства “Полацкгаз” у вёсцы Ксты пад Полацкам. Працавалі на рэканструкцыі Полацкага дэпо, добраўпарадкаванні тэрыторыі ПНС “Паўночная” ў Віцебску і на іншых аб’ектах. Сёння самае галоўнае – забяспечыць сябе работай для таго, каб былі грошы на зарплату, дарагія матэрыялы, гаручае і іншыя натуральныя патрэбы прадпрыемства.
Калі гаварыць пра тое, што ўдалося зрабіць прадпрыемству ў гэтым годзе па навядзенні парадку ў раёне, то можна ўзгадаць добраўпарадкаванне тэрыторыі РЭС на вуліцы Зялёнай, 12-ці кватэрнага дома ў Обалі, 32-кватэрнага дома ў Шуміліне, урачыстае адкрыццё якога нядаўна ладзілася, і некаторых іншых аб’ектаў. З дапамогай друзу былі прыведзены ў парадак 30 вуліц. Ужо не першы год ДРБУ-204 працуе над будаўніцтвам інфраструктуры квартала індывідуальнай жылой забудовы ў Баёўцы. А літаральна зараз прыступае да работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі падсобнай гаспадаркі “Добрынскае” Полацкага КХП. Карацей, жыццё працягваецца і пастаянна “падкідвае” работу. Парадак сёння ў модзе, а значыць і работа дарожнікаў па-ранейшаму актуальная.
А тым часам гэтыя людзі здатныя не толькі плённа працаваць, але і як след адпачываць. На чале з начальнікам яны вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца спортам. Вось і з нядаўняй абласной спартакіяды, якая прайшла ў Новалукомлі, нашы землякі прывезлі трэцяе агульнакаманднае месца, пакінуўшы за сабой амаль 20 каманд.
Дарожнікі – пастаянныя актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў. Масленіца гэта ці КВЗ, лыжня ці ўрачысты мітынг – яны абавязкова будуць у цэнтры падзей. На прадпрыемстве рэгулярна  арганізуюцца экскурсіі, цікавыя паездкі, у тым ліку і на “Славянскі базар”. Сёлета, напрыклад, купілі білеты на канцэрт Алены Ваенгі. Дарэчы, у мужчынскім, на першы погляд, калектыве рупяцца 14 жанчын. Ёсць сярод іх і дарожныя рабочыя, у якіх выдатна атрымліваецца, напрыклад, рабіць ямачны рамонт дарог.
А тэрыторыя самога прадпрыемства – заўжды ўзор прыгажосці і парадку. Годны будынак, цікавыя ландшафтныя рашэнні, арыгінальныя кампазіцыі – гэта сапраўднае ўпрыгожанне райцэнтра.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 83 ад 23.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *