В Шумилинском районе самые популярные имена для новорождённых — Егор и Дарья

Актуалии Общество Семья

Аб рэгістрацыі нараджэння і двайным прозвішчы
Нядаўна начальнік аддзела загсу райвыканкама Ірына Кісялевіч правяла “прамую лінію” з насельніцтвам раёна. Сёння на старонках раённай газеты яна каменціруе і дае адказы на самыя актуальныя пытанні, якія паступілі падчас “прамой лініі”.
Дзе можна зарэгістраваць нараджэнне дзіцяці, калі яно нарадзілася ў Віцебску, а бацькі зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Шуміліне?
– Згодна з арт. 204 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і рэгістрацыя нараджэння робіцца ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, па месцы нараджэння дзіцяці ці па месцы жыхарства бацькоў альбо аднаго з іх.
У дадзеным выпадку нараджэнне дзіцяці можна зарэгістраваць у аддзеле загсу горада Віцебска па месцы знаходжання медыцынскай установы, дзе адбываліся роды, ці ў аддзеле загсу Шумілінскага райвыканкама (вул. Кароткіна, 10).
Пры заключэнні шлюбу я пакінула дзявочае прозвішча. Зараз у нашай сям’і нарадзілася дзіця і мы хочам даць яму двайное прозвішча. Ці можна так зрабіць?
– Не. Імя дзіцяці даецца па дамоўленасці бацькоў, імя па бацьку прысвойваецца па імені бацькі, а вось прозвішча вызначаецца прозвішчам бацькоў. Калі яны розныя, дзіцяці прысвойваецца альбо прозвішча бацькі, альбо маці – зноў жа па іх узгадненні.
Мы з мужам скасавалі шлюб два месяцы таму, я зараз на восьмым месяцы цяжарнасці. Ці праўда, што ў пасведчанні аб нараджэнні майго дзіцяці бацькам будзе запісаны мой былы муж, нават калі ён не з’яўляецца яго бацькам?
– Сапраўды так.  Калі шлюб скасаваны, але ж да дня нараджэння дзіцяці прайшло менш за дзесяць месяцаў з гэтага моманту, рэгістрацыя нараджэння дзіцяці робіцца ў тым жа парадку, што і рэгістрацыя дзіцяці, бацькі якога знаходзяцца ў шлюбе. Звесткі пра бацьку будуць уносіцца на падставе пасведчання аб заключэнні шлюбу. Такім чынам, у дадзеным выпадку бацькам будзе ўказаны ваш былы муж.
Я не замужам, зараз чакаю дзіця, бацька якога прызнае і хоча быць запісаным у яго пасведчанні аб нараджэнні. Як гэта зрабіць? Куды звяртацца і з якімі дакументамі?
– У выпадку, калі бацькі дзіцяці не знаходзяцца ў шлюбе на момант яго нараджэння, звесткі пра бацьку ўносяцца на падставе запісу акта аб устанаўленні бацькоўства. Сумесная заява падаецца ў аддзел загсу па месцы жыхарства бацькоў (аднаго з іх) ці па месцы рэгістрацыі нараджэння. Адначасова неабходна прадаставіць дакументы, якія сведчаць асобу кожнага з бацькоў, медыцынскае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Скажыце, якія зараз на Шуміліншчыне самыя папулярныя імёны, а то мы чакаем дзіця і ніяк не можам вызначыцца з імем.
– Ва ўсе часы існавала мода на імёны. Сёлета, напрыклад, сярод мужчынскіх самыя папулярныя і любімыя Ягор, Іван, Аляксандр, Арцём, Дзмітрый, Кірыл, Максім. А вось сярод жаночых лідзіруюць імёны Дар’я, Ганна, Анастасія, Аляксандра, Вікторыя, Ксенія, Паліна.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *