Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Паліва

Жыхар Пскоўскай вобласці паведаміў у РАУС, што ягоную машыну ў Шуміліне абрабавалі. Як высветлілася, з паліўнага бака вялікагрузнага аўтамабіля, які знаходзіўся на вуліцы Астроўскага, прапала 150 літраў дызельнага паліва коштам больш як чатыры тысячы расійскіх рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Дача
У міліцыю звярнуўся жыхар Мінска, які расказаў, што ягоны дачны дом у Казьянах абрабавалі. Злодзеі, асобы якіх пакуль не ўстаноўлены, укралі ноўтбук коштам 14 мільёнаў рублёў і планшэт, які ацэнены ў 4,5 млн. руб. Узбуджана крымінальная справа.

Тэлефон
Жыхарка а.-г. Светласельскі мела звычку пакідаць свой дом незамкнёным. Вось і нядаўна адлучылася да суседзяў, а ўваходныя дзверы пры гэтым не замкнула. Мабільны тэлефон, які стаяў на зарадцы ў адным з пакояў, прапаў. Жанчына звярнулася ў міліцыю. Па гарачых слядах было ўстаноўлена, што ў чужы дом
зайшоў жыхар Шуміліна, раней судзімы за крадзеж. Ён і прыбраў да рук тэлефон. Мабільнік вернуты гаспадыні.

Тапельца
У Заходняй Дзвіне ля в. Бокішава мясцовыя жыхары знайшлі тапельцу і паведамілі пра гэта ў міліцыю. Труп невядомага мужчыны быў апазнаны: у Дзвіне ўтапіўся ўраджэнец Бешанковіцкага раёна. У падрабязнасцях няшчаснага выпадку разбіраецца міліцыя.

Са зводак ДАІ
Перакуліўся

Жыхар райцэнтра, які ноччу ехаў на легкавым аўтамабілі па аўтадарозе Непароты-Улазавічы, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў, а аўто патрабуецца рамонт. Як высветлілася, мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення і без правоў (іх пазбавіўся раней за тое, што сеў за руль нецвярозым).  Праз два месяцы ў жыхара райцэнтра закончыўся б тэрмін пазбаўлення правоў і можна было б пераздаць на правы нанова. А цяпер гора-вадзіцель атрымаў паўторнае пакаранне: штраф і зноў тры гады пазбаўлення правоў.

“Вучэбны аўтамабіль”

З 20 па 30 кастрычніка супрацоўнікі ДАІ праводзяць комплекс спецыяльных мерапрыемстваў пад назвай “Вучэбны аўтамабіль”. Сумесна са спецыялістамі “Белтэхагляду” работнікі дарожна-патрульнай службы праводзяць рэйды, у ходзе якіх правяраюць транспарт вучэбна-вытворчага камбіната. На мінулым тыдні было зафіксавана адно парушэнне: у трактара вучэбнага камбіната была пратэрмінаваная страхоўка. Механізатару пагражае штраф ад 1 да 2 базавых велічынь, а адказнаму за выпуск тэхнікі на лінію – ад 4 да 25 БВ.

На камбайне
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў майстэрні ў Маркаве ААТ “Прыазёрны мір” механізатара, які сеў за руль камбайна “Палессе” ў стане алкагольнага ап’янення. Больш таго, мужчына не меў рэгістрацыйных дакументаў на транспартны сродак, страхоўкі і права кіравання. Цяпер механізатар не сядзе за руль тры гады, бо на гэты тэрмін будзе пазбаўлены правоў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *