На заседании Шумилинского райисполкома: благоустройство и спорт

Актуалии Президент Спорт, туризм

Пра парадак на вуліцах і спартыўнае жыццё
23 кастрычніка пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Кураннога прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. На парадак дня былі вынесены важныя пытанні жыццядзейнасці рэгіёна.
У прыватнасці, былі абмеркаваны вынікі работы па выкананні мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Шумілінскага раёна ў 2015 годзе. З аналізам сітуацыі па дадзенай тэме перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Зоя Анатольеўна заўважыла, што работа ў гэтым накірунку сістэматызавана і падпарадкоўваецца адпаведным дакументам і праграмам. Яна нагадала, што сёлета былі праведзены рэспубліканскі, абласны і раённы суботнікі, месячнік па навядзенні парадку, а кожны тыдзень па пятніцах арганізуюцца санітарныя дні. Значная частка заробленых на суботніках сродкаў была патрачана зноў жа на добраўпарадкаванне і развіццё населеных пунктаў, рамонт помнікаў, стварэнне твораў манументальнага мастацтва і архітэктурных формаў. Было добраўпарадкавана  80 (100 %) мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан.
Шмат робіцца і для годнага ўтрымання грамадзянскіх пахаванняў: назначаны адказныя за іх санітарны стан, рэгулярна праводзіцца санітарная ачыстка, грэйдзіраванне пад’ездаў да іх. Наогул, заўважыла дакладчык, за гэты час у раёне добраўпарадкавана 48 грамадзянскіх пахаванняў, адрамантавана 80 дзіцячых спартыўна-гульнявых пляцовак, абсталявана адна спартыўна-гульнявая пляцоўка і створаны 83 малыя ландшафтна-архітэктурныя мастацкія формы і комплексы. У Шуміліне на завулку Угнявёнка з’явілася пляцоўка для міні-футбола. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік капітану Д. В. Мясаедаву.
Толькі за гэты год у раёне  было высаджана 2614 дрэў, 2250 кустоў,  196 тысяч расады кветак, зроблена 5 гектараў газона. Сіламі ЖКГ і райбыткамбіната выраблена, устаноўлена і пафарбавана 1,125 км жалезабетоннай агароджы, на што было выдаткавана 477, 2 мільёна рублёў. Пафарбавалі 4,4 км агароджы на суму 123,7 мільёна рублёў . Сіламі сельсаветаў, гаспадароў дамоў і падраздзяленняў ЖКГ выканана ўсталёўка і рамонт 7,4 км агароджы ў вёсках.
Сёлета прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна выкананы рамонт і афарбоўка фасадаў у Шуміліне (аптэка, ФАК, райбальніца, інтэрнат ПМК-70 і некалькі шматпавярховак), Обалі і ў сельскіх населеных пунктах раёна. У тым ліку абнавіліся фасады Навікоўскай школы, Лаўжанскага, Мішневіцкага і Сіроцінскага сельсаветаў, магазіна ў Сіроціне, Слабадскога сельскага клуба і іншых аб’ектаў.
На радасць аматарам адпачынку на прыродзе быў прыведзены ў парадак пляж на Шумілінскім возеры. Прадпрыемствы ЖКГ, ПМС, ПМК-70 ачысцілі возера, зрабілі гэта месца прыдатным для адпачынку, на што пайшло 168 мільёнаў рублёў, паведаміла З. А. Мясаедава. Таксама быў добраўпарадкаваны бераг возера Разван, заўважыла яна.
Будуюцца, рамантуюцца і прыводзяцца ў парадак дарогі раёна. Да прыкладу, на ўтрыманне мясцовай сеткі дарог прадпрыемствам ДРБУ-204  сёлета было затрачана 4,5 мільярда, а ЖКГ – два мільярды рублёў.
Стараюцца падтрымліваць у парадку свае аб’екты і сельскагаспадарчыя арганізацыі, але ў справаздачы былі адзначаны праблемы з вывазам арганікі ад ферм, абкосам тэрыторый, навядзеннем парадку на вытворчых аб’ектах.
Пастаянна кантралюе работу па навядзенні парадку раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ёю за гэты час было выяўлена 89 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, 35 з якіх дапушчаны сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. А яшчэ было зафіксавана 17 несанкцыянаваных звалак.
Таксама, заўважыла Зоя Анатольеўна, санітарныя дні арганізацыямі праводзяцца нерэгулярна, ды і кіраўнікі не заўсёды ўсведамляюць важнасць гэтай работы. І як вынік, Камітэтам дзяржкантролю былі выяўлены факты неналежнага стану  вытворчых тэрыторый: УП ЖКГ (І. К. Штуро) і УП “Шумілінская ПМК-70” (А. Ю. Крыўко).
Нягледзячы на тое, што ў раёне сапраўды робіцца і зроблена шмат па добраўпарадкаванні, кіраўнік раёна меў шэраг прэтэнзій і пажаданняў у гэтым накірунку. У прыватнасці, ён выказаў незадавальненне работай РЦГЭ, ПМК-70, ПМС, ЖКГ і іншых. Ён даваў канкрэтныя рэкамендацыі па будаўніцтве тратуараў, уладкаванні газонаў, уборцы смецця, добраўпарадкаванні вуліц. Заўважыў, што трэба рабіць усё якасна, каб жыццё людзей станавілася больш камфортным. Ён “прайшоўся” па ўсіх праблемных вуліцах Шуміліна, заўважыў, што ў наступным годзе будзе шмат зроблена па добраўпарадкаванні Обалі. Асаблівую ўвагу Уладзімір Пятровіч звярнуў на неабходнасць будаўніцтва ў раёне палігона цвёрдых бытавых адыходаў, якая ўзнікла далёка не ўчора. З улікам выказаных заўваг па гэтым пытанні было прынятае рашэнне.
З дакладам пра стан фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам Шумілінскага раёна выступіў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў. Ён падлічыў, што ў раёне функцыянуе 81 фізкультурна-спартыўнае збудаванне.
Пастаянна фізічнай культурай і спортам займаюцца 3800 чалавек – гэта крыху больш за 20% насельніцтва раёна. За 9 месяцаў было праведзена каля 70-ці спартыўных мерапрыемстваў, удзел у якіх узялі амаль 3900 чалавек. На правядзенне гэтых мерапрыемстваў было патрачана каля 50 мільёнаў рублёў.  Лепшай спартыўнай залай Андрэй Уладзіміравіч назваў залу ДЮСШ, дзе створаны ўсе ўмовы для правядзення спаборніцтваў любога ўзроўню. Буйныя спартыўныя спаборніцтвы, святы і мерапрыемствы праводзяцца на гарадскім стадыёне. Самым масавым і запатрабаваным відам спорту з’яўляецца футбол, а ФК “Шуміліна” ў чэмпіянаце  Віцебскай вобласці па футболе ўпершыню за апошнія сезоны змагаўся за месца ў прызавой тройцы, адзначыў А. У. Мазанкоў. Аднак сродкаў на ўтрыманне каманды не хапае, заўважыў спецыяліст.
Працягваецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, на якое з 2012 года патрачана больш за 9 мільярдаў рублёў. Новы ФАК будзе мець сучасную трэнажорную залу, плавальны міні-басейн, памяшканні для заняткаў настольным тэнісам, аэробікай і рытмічнай гімнастыкай, кабінет для аднаўленчых працэдур.
Сёння ва ўстановах адукацыі раёна ў цэлым створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця. У школах працуюць кваліфікаваныя педагогі, функцыянуюць добра абсталяваныя спартыўныя залы – у дзяцей ёсць магчымасць у поўнай меры праявіць свае здольнасці. А таму заўжды ёсць нагода радавацца вынікам, з якімі нашы юныя спартсмены выступаюць, у тым ліку на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Прагучалі прозвішчы Таццяны Дубко (Кордонская школа),  Вольгі Гаўрылкінай (СШ №1), Вадзіма Грачухіна (Обальская СШ).
Расказаў А. У. Мазанкоў і пра развіццё аграэкатурызму на Шуміліншчыне, пра тое, чым наш раён можа прывабіць турыстаў.
На тэрыторыі Шумілінскага раёна з 2011 года зарэгістраваны і дзейнічаюць сем суб’ектаў агратурызму. Гэта аграсядзібы “Дзвінскі рай”, “Ерашова”, “Обальскія катамараны”, “У Пятровіча” і іншыя. У раёне налічваецца сем маршрутаў з актыўнымі спосабамі перасоўвання, сем аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, дзейнічае домік паляўнічага ў Роўным, функцыянуюць некалькі зон адпачынку і 29 аб’ектаў, дзе можна правесці вольны час, паведаміў прысутным А. У. Мазанкоў. Спецыяліст атрымаў ад кіраўніка раёна некаторыя рэкамендацыі, у тым ліку – больш прадметна займацца пытаннямі развіцця аграэкатурызму. Па дадзеным пытанні было прынята рашэнне.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *