В Никитихе профилактические беседы провели с пьяницами и учениками

Общество

Адзін жонку ганяе, другі вучыцца дрэнна
22 кастрычніка ў Лаўжанскім сельвыканкаме прайшло пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку. У пасяджэнні, якое правяла старшыня сельвыканкама С. П. Кійко, узяла ўдзел стажор на пасадзе памочніка пракурора раёна Н. І. Гаўрылюк.
Адна справа, калі нейкія парады адносна тваіх паводзін і жыццёвай пазіцыі даюць незнаёмыя людзі. І зусім іншы градус набываюць павучанні, якія  зыходзяць ад тваіх аднасяльчан, людзей, якія жывуць побач. З імі ты штодня вітаешся, сустрэўшыся ў краме ці, скажам, дзеліш адну лесвічную пляцоўку.  Глядзець ім у вочы пасля чарговай шумнай сваркі з жонкай – дык лепей адразу з даведкай аб кадзіраванні ад алкагольнай залежнасці прыйсці і моўчкі падаць яе старшыні. Так і зрабілі некаторыя запрошаныя, паабяцаўшы выправіць свае паводзіны. Чаго каштуюць такія абяцанні, тут, зразумела, ведаюць. Але зноў жа робяць выгляд, што паверылі, раяць паберагчы сям’ю, узяцца за розум, каб не трапіць у ЛПП ці таго горш. Але калі ўжо зусім па праўдзе, то многім з іх ужо даўно нічога не страшна, бывалі яны па тых адрасах, і ведаюць, што жыць усюды можна.
Жыццё ўсіх не самых надзейных таварышаў пастаянна пад кантролем у вёсцы. Выкарыстоўваецца любая нагода для прафілактыкі. Узяць хаця б адну абавязаную асобу, якая, здаецца, збавіла абароты, працуе на ферме, але зноў жа – без энтузіязму, што і ставілася ў прэтэнзію. “Усё ў руках гарэць павінна, ты ж даярка”, – звяртаўся да работніцы ААТ “Лаўжанскае” намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце А. С. Барысевіч.
П’янка вымотвае, дашчэнту высмоктвае жыццёвыя сілы. Яна можа пакінуць вам жыццё, але рэсурс яго будзе вычарпаным. І жанчыну (асабліва жанчыну) з такім дэфіцытам можна лёгка вылучыць сярод іншых па патухлых вачах, абыякавасці да ўсяго на свеце – дзяцей, блізкіх, сваёй жаночай прывабнасці, да сябе як чалавека. І так жывуць, заўважыць нехта, толькі хіба гэта цікава, хіба для гэтага нараджаюцца на свет?..
А мясцовыя настаўнікі вырашылі выкарыстаць пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку для таго, каб паўплываць на аднаго са старшакласнікаў школы. Яго выклікалі на пасяджэнне разам з маці. Хлопца абвінавачвалі ў абыякавасці да вучобы, у несвоечасовым запаўненні дзённіка, нявывучаных уроках, у тым, што ён не вызначыўся, куды будзе паступаць пасля школы. Дырэктар Мікіціхінскай школы В. М. Асташонак назвала такія паводзіны недапушчальнымі для старшакласніка: “Што ён робіць у сярэдняй школе, калі яму не патрэбны гэтыя веды… Хто будзе потым вінаваты, што на экзамене яму нават двойку не будзе за што паставіць?” Дырэктар прызнала, што пытанняў па паводзінах хлопца не ўзнікае: “Ён прыстойна сябе паводзіць, не курыць, не п’е. Умовы пражывання ў сям’і таксама добрыя.” У выніку педагогі, якія выступалі па гэтай справе, прызналі сваю бездапаможнасць перад праблемамі падлетка і далі зразумець, што былі б задаволены, калі б ён змяніў месца вучобы ў школе на якое-небудзь ПТВ.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *