120 борцов собрал традиционный турнир в Оболи

Актуалии Спорт, туризм

Цёплая сустрэча старых знаёмых

31 кастрычніка – 1 лістапада ў Обалі  прайшоў традыцыйны  рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.

На обальскай зямлі сабраліся больш за сто дваццаць  юных спартсменаў з Обалі, Шуміліна, Талачына, Сянно, Полацка, Гарадка, Глыбокага, Мінска, Маладзечна і Віцебска (тры каманды). Спартсмены змагаліся за перамогу ў дзвюх узроставых групах у 15  вагавых катэгорыях, судзілі  сустрэчы суддзі міжнароднай і вышэйшай нацыянальнай катэгорый. На ўрачыстым адкрыцці намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая пажадала ўдзельнікам яркіх спартыўных перамог. Дырэктар Обальскай СШ І. А. Чарнічэнка падкрэсліла, што турнір у Обалі даўно стаў знакавай падзеяй і гэта па-асабліваму цёплая сустрэча старых сяброў, якіх аб’яднала  грэка-рымская барацьба. Прывітальныя словы  спартсменам выказалі начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка і праваслаўны святар Уладзімір Пучынскі.                                 Малодшая ўзроставая група
У гэтай узроставай групе выступалі навічкі, для многіх з іх турнір у Обалі стаў першым сур’ёзным выпрабаваннем.
Вагавая катэгорыя 26 кг
Вельмі  эмацыянальная  катэгорыя, юныя спартсмены атрымліваюць свае першыя перамогі і першыя паражэнні. “Складаная і цікавая катэгорыя, – адзначае обальскі трэнер Пётр Ганушчанка. – Першы старт юнага спартсмена дае трэнеру  багаты матэрыял для далейшай працы. Па выступленнях  можна меркаваць і пра спартыўную будучыню хлопчыкаў”.
З  пяці ўдзельнікаў перамог Данііл Трафімовіч з Талачына, палачанін Ілья Бамшанаў, які выступаў за обальскую зборную, заваяваў другое месца, Раман Хадуноў з Шуміліна – трэцяе.
Вагавая катэгорыя 29 кг
У ёй аказаліся даволі вопытныя спартсмены. Перамогу, як і год назад, атрымаў Цімур Карасёў з Полацка.
Вагавая катэгорыя 32 кг
Дзевяць барцоў падарылі гледачам  відовішчную эмацыянальную барацьбу.  Перамог віцяблянін Віктар Буглак, абальчане Мікіта Новікаў і Максім Бабкуноў занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Вагавая катэгорыя 38 кг
“Барцы вельмі рухавыя – гэта дадае прыгажосці сустрэчам, – адзначае трэнер  Р. І. Гігауры (Віцебск). – Хачу выказацца пра ўвесь турнір. Вельмі  падабаюцца спаборніцтвы ў Обалі.  Тут асаблівая атмасфера і арганізацыя спаборніцтваў на самым высокім узроўні”. Першае месца ў Юрыя Пешчанкі з Віцебска, абальчанін Арсеній Лосеў стаў трэцім.
Вагавая катэгорыя 53 кг
Барцы на дыване даволі вопытныя. Маюць нядрэнную тэхнічную падрыхтоўку, але спартсменам  не хапае стабільнасці. Класікі ўжо адчулі смак перамог, у іх вялікае жаданне бароцца і перамагаць. “Грэка-рымская барацьба ў нашым мястэчку спорт нумар адзін,  – адзначае былы дырэктар Обальскай СШ Аляксандр Штокін, які стаяў ля вытокаў турніру. – Радуе, што нашы обальскія барцы выйшлі на міжнародны ўзровень. Чакаю прыгожых паядынкаў. Зразумела, у першую чаргу цікавяць обальскія хлопцы. Яны ж прафесійна растуць на нашых вачах”. Перамог Данііл Казлоў (Віцебск). Ілья Нікіцін  з Обалі стаў другім.
Старэйшая ўзроставая група
У барцоў багата турніраў. Яны ў класічнай барацьбе не першы год. З кожным новым стартам набываюць каштоўны барцоўскі вопыт. А перамогі дазваляюць заявіць пра сябе на прафесійным узроўні.
Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе абальчанін Вадзім Грачухін сем разоў браў удзел у обальскім турніры, шэсць разоў выйграваў. Вадзім пракаменціраваў некаторыя вагавыя катэгорыі.
Вагавая катэгорыя  32 кг
“Цудоўна памятаю гэту катэгорыю, – усміхаецца сярэбраны прызёр. – Гэта быў мой дэбют на турнірах. Выйшаў на дыван і адразу прайграў. Сорамна было перад трэнерам, бацькамі… Такое забыць немагчыма”.
Перамог Арцём Кацар (Сянно).
Вагавая катэгорыя 35 кг
“І гэту катэгорыю добра помню, – успамінае Вадзім. – Тут ужо атрымаў перамогу, улічыў ранейшыя памылкі. Сёння з упэўненасцю кажу, што обальскі турнір стаў для мяне першай прыступкай у прафесійны спорт”.
Першы  – Аляксандр Слізоўскі (Маладзечна).
Вагавая катэгорыя 38  кг
“Прафесійнага росту барцоў не бывае без перамог у лёгкіх вагах, гэта своеасаблівы пропуск у вялікі спорт, – дзеліцца Вадзім Грачухін. – Спадабаліся барцы ў вагавых катэгорыях 32, 35 і 38 кг. Думаю, што некаторым па сілах дасягнуць высокіх  вынікаў”.
Перамог Іван Шутаў з Талачына.
Вагавая катэгорыя 46 кг
Перамога дасталася  Аміну Мірзоеву з Віцебска. Гэты спартсмен атрымаў і спецыяльны кубак ад РАУС “За волю да перамогі”.
Вагавая катэгорыя 47 кг
Перамог Кірыл Мальчыкаў з Віцебска.
Вагавая катэгорыя 53 кг
Першым стаў Аляксандр Калачоў з Талачына.
Вагавая катэгорыя  59 кг
Паядынкі ў гэтай катэгорыі без перабольшвання маглі ўпрыгожыць любы турнір. Прыемна адзначыць, што фаварытам на перамогу быў Дзмітрый Кучмароў. І спартсмен не расчараваў обальскіх заўзятараў – у прыгожым яркім стылі выйграў усе паядынкі.
Вагавая катэгорыя 66 кг
Спартсмены ў гэтай і наступных вагавых катэгорыях добра разумеюць, што памылка можа каштаваць вельмі многа. Тактыка выходзіць на першы план. Свой высокі ўзровень паказаў обальскі барэц Ягор Ганушчанка. “Дома выступаць складаней, – расказвае Ягор. – Сябры, знаёмыя, сваякі цябе вельмі падтрымліваюць. Галоўнае, не паддацца эмоцыям, а проста рабіць на дыване тое, чаму навучыў  трэнер”. Ягор таксама атрымаў спецыяльны кубак “За лепшую тэхніку”.
Вагавая катэгорыя 76 кг
У барацьбе чатырох спартсменаў перамог Васіль Буглак (Віцебск). Абальчанін Яўген Грачухін на другім месцы.
Вагавая катэгорыя  85 кг
“Цяжы” на дыване – заўсёды яркае відовішча. Прыемна, што нарэшце ў гэтай катэгорыі пачалі перамагаць нашы землякі. “У цяжкіх вагавых катэгорыях спартсмен не мае права на памылку, – адзначае трэнер Юрый Сцяпанаў. – Рады за свайго выхаванца Кірыла Крыўко, які заняў другое месца. Хлопец прагрэсіруе, зрабіў правільныя высновы з мінулагодняга выступлення ў Обалі. Вось і вынік”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *