Служба 101

Актуалии Безопасность

У Шумілінскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях сёння працуюць 53 чалавекі. Сярод іх каля паловы – моладзь. Толькі за апошнія тры гады ў райаддзел прыйшлі 17 маладых работнікаў. “ Мы робім стаўку на маладых,” –  кажа начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях  І. А. Крукаў.
Камандзір аддзялення і альпініст
Самае галоўнае ў прафесіі выратавальніка – гатоўнасць дапамагчы людзям, лічыць Віктар Пальвінскі, камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 12 а.-г. Слабада РАНС.  Незалежна ад часу, надвор’я і асабістага настрою, выратавальнік павінен быць гатовы да любых надзвычайных сітуацый.
Віктар Пальвінскі працуе ў райаддзеле трэці год. Прывык да напружанага баявога рэжыму. Заслужыў павагу старэйшых калег за кампетэнтнасць ў рабоце,  сур’ёзнае стаўленне да справы.
Баявое хрышчэнне Віктар атрымаў на сваім другім дзяжурстве, калі выязджалі тушыць пажар у Обаль. Хлопец прызнаецца, што з непрывычкі было не па сабе, калі барвовыя языкі полымя ўжо “злізалі паўдома”  і выратаваць яго было проста нерэальна. Калі тушылі пажар, уважліва сачылі за тым, каб агонь не перакінуўся на суседнія дамы. У той дзень выратавалі не адзін мільён рублёў.
24-гадовы камандзір аддзялення  вялікую ўвагу ўдзяляе фізічнай падрыхтоўцы. Ён патрабавальны да сябе і сваіх калег. Павышае і свой прафесійны ўзровень. Напрыклад, нядаўна  на курсах у інстытуце перападрыхтоўкі  і павышэння кваліфікацыі МНС Рэспублікі Беларусь, якія праходзілі ў Барысаўскім раёне,  вывучыўся на прамысловага альпініста. Гэта спецыяльнасць патрэбна і выратавальнікам, бо надзвычайныя сітуацыі здараюцца і ў шматпавярховых дамах. Пакуль што не было нагоды праявіць свае альпінісцкія здольнасці. Але ж усякае можа здарыцца…
Кожны выезд – “з серыі вострасюжэтных”
На пытанне, як працуецца ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях,  старшы вадзіцель Сяргей Шафераў адказвае коратка: “Выдатна!” Хлопец з дзяцінства любіў спецыяльнасці тэхнічнага накірунку, а старшы вадзіцель – гэта не толькі  вадзіцель,  але і механік, і  слесар. Таму Сяргей Шафераў адчувае сябе на гэтай рабоце, як кажуць, у сваёй талерцы.
За год сваёй работы ў райаддзеле Сяргей дасканала вывучыў пажарную тэхніку і правілы  бяспекі пры рабоце на ёй. Як старшы вадзіцель, Сяргей Шафераў у адказе за запраўку і спраўнасць усёй тэхнікі аддзела.
За час работы ў райаддзеле Сяргею прыходзілася ўжо многа разоў выязджаць на надзвычайныя сітуацыі. І кожная з іх, на думку маладога вадзіцеля,  “з серыі вострасюжэтных выпадкаў”.  “Работа  выратавальнікаў – гэта не толькі тушэнне пажараў, – кажа Сяргей Шафераў. –  Працуем  на парывах цеплатрас,  водаправодаў, выязджаем на дарожна-транспартныя здарэнні, вясной тушым запаленую траву, летам – тарфянікі.  Таму выратавальнік павінен быць вельмі важна быць загартаваным, вынослівым і мужным, а тэхніка – надзейнай”.

У Мішневічах будзе пажарны пост
Усім нам хочацца, ды так і павінна быць, каб у выпадку надзвычайных сітуацый выратавальнікі прымчаліся на дапамогу імгненна. І гэта рэальна, упэўнены супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. “Па правілах пажарнай бяспекі ў радыусе 10 кіламетраў адлегласць ад кожнай  вёскі павінен быць пажарны пост, – кажа першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шавяка. –  Але рэаліі далёка ад нарматываў. У Шумілінскім раёне, напрыклад, адлегласць ад бліжэйшай пажарнай часці да Крывога Сяла 30 кіламетраў, а да Каз’яншчыны – і таго больш. Таму згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама №321 ад 29 мая 2012 года “Аб мерапрыемствах на 2013 год па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці сельскага насельніцтва Віцебскай вобласці ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару”.
Тэндар па будаўніцтву  пажарнага паста “ Кошт гэтага будаўнічага аб’екта –2,9 мільярда рублёў, – кажа галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава. – Нядаўна з мясцовага бюджэту выдзелена 2,6  мільярда рублёў”.
“На пажарным пасту будуць працаваць тры змены, падменны вадзіцель і начальнік паста, – кажа намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Шархун. – Сёння яшчэ нельга сказаць дакладна, але некаторых нашых работнікаў з паста а.-г. Слабада перавядзём працаваць у Мішневічы. З’явяцца і некалькі новых рабочых месцаў”.
На днях  будаўнікі  ААТ  “Полацкая будаўнічая кампанія” прыступяць да будаўніцтва пажарнага паста, аб’ект павінен быць поўнасцю гатовы да канца года.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *