Шумилинские пожарные даже печку отремонтируют

Бяспека Общество

І печку дапамагаюць адрамантаваць
Пажарны апавяшчальнік часта выратоўвае жыцці людзей, нямала такіх прыкладаў і ў нашым раёне.
“За чатыры гады мы рэалізавалі паўтары тысячы апавяшчальнікаў, – расказвае майстар Шумілінскага вы-творчага ўчастка супрацьпажарных работ рэспубліканскага дзяржаўнага аб’яднання Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства Н. С. Янушэвіч. – Апавяшчальнік каштуе каля 18 тысяч рублёў”.
Дарэчы, участак знаходзіцца на тэрыторыі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і займаецца мантажом пажарнай аўтаматычнай сігналізацыі. Яна ўстаноўлена ўжо на 39 прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Акрамя гэтага, на ўчастку прадаюць вогнетушыцелі. Напрыклад, за мінулы год рэалізавалі іх больш за пяцьсот.
Асаблівую ўвагу тут удзяляюць рамонту печак і грубак. І такая паслуга, трэба сказаць, карыстаецца попытам. На дом да заказчыка па заяўцы выязджае майстар, робіць замеры, падлічвае кошт работы. Напрыклад, скласці невялікую грубку каштуе крыху больш за мільён рублёў. А калі цэгла заказчыка, то дзешавей. “За два апошнія гады на печках зарабілі 20 мільёнаў рублёў”, – адзначыла Ніна Сцяпанаўна.
Вытворчы ўчастак з’яўляецца спонсарам розных спаборніцтваў, якія так ці інакш звязаны з пажарнай бяспекай. Напрыклад, кожны год выдзяляюцца прызы для пераможцаў конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, злёту юных выратавальнікаў, які традыцыйна праводзіцца вясною. А нядаўна для гэтага была іншая нагода: мужчына з вёскі Ілава ў час пажару выратаваў пенсіянерку. “Мы заўсёды рады падтрымаць і заахвоціць такіх людзей, – гаворыць Н. С. Янушэвіч. – Толькі ўсё ж хацелася б, каб у раёне было менш пажараў і чалавечых ахвяр”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №16 ад 1.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *