Культпоход с Натальей Черниченко

Культура

Beatles, Nirvana, Scorpions і іншыя
Даўно я не рабіла “культпаходных” справаздач, але гэта зусім не значыць, што такіх паходаў не было. Адной з яркіх падзей кастрычніка, ды і, бадай, усяго жыцця для мяне стала выступленне ў канцэртнай зале “Віцебск” камернай групы сімфанічнага аркестра “resonance”. Яны прад’явілі віцебскай публіцы самую, па іх словах, бескампрамісную праграму “White tour”.
Прызнаюся, што да гэтага часу я нічога не ведала пра гэты вядомы ва ўсім свеце калектыў, як, зрэшты, і пра многіх іншых геніяльных і ўнікальных таварышаў, знаёмства з творчасцю якіх адбываецца, як правіла, выпадкова. І толькі калі ты, літаральна, урастаеш у крэсла, а тваё цела пачынае трэсці ад таго, што дзеецца на сцэне, ты пакрысе ўсведамляеш, што таго чалавека, які сеў у гэта самае крэсла ўсяго некалькі хвілін таму, больш няма і ўжо ніколі не будзе. Я не разумею, у чым фокус, але я не ведаю больш простага і прыемнага спосабу мяняцца, спадзяюся, да лепшага.
Музыканты выконвалі музыку, створаную самымі таленавітымі людзьмі планеты. Шмат скрыпак (што, прызнаюся, спачатку мяне насцярожыла, але дарэмна), кантрабас, альты, барабаны – яны цэлілі ў самае сэрца і звалілі нават тых, хто, як я, не можа пахваліцца выдатным веданнем рок-хітоў.
Прагучалі вядомыя кампазіцыі неперасягнутых Beatles, Nirvana, Scorpions, Pink Floyd, Deep Purple, Black Sabbath, Guns N’Roses, Red Hot Chili Peppers, Bon Jovi, Kiss, Eagles, Europe, Led Zeppelin, Rolling Stones. Як вам кампанія? І ўсё ў адным месцы. Музычная феерыя на сцэне была падтрымана аўтарскім відэарадам на вялікім экране за спінамі музыкантаў, які дэманстраваў фота рок-музыкантаў, чые кампазіцыі выконваліся ў гэты момант. Гэта давала магутны эфект. Але ж… Пішу і разумею, што ніякіх слоў не хопіць мне, каб перадаць хаця б долю ўражанняў, якія ўдалося атрымаць за тыя дзве гадзіны. Шукайце “resonance” на гарадскіх афішах – не пашкадуеце!

Вялікі канцэрт у Віцебску
А вось гэты канцэрт я вельмі чакала. І дачакалася – у родны Віцебск паміж гастролямі па белым свеце зноў прыехала “Серебряная свадьба” на чале з непаўторнай, народам любімай, чароўнай Бенькай.
“Паддашак” – знаёмае ўсім аматарам добрай музыкі месца ў сталіцы нашай вобласці – здавалася, лопне ад колькасці гасцей і напалу эмоцый, імі прад’яўляемых. Бенька (яна настойвае, каб да яе звярталіся толькі так) з сябрамі падарыла землякам вялізны чатырохгадзінны канцэрт. Так кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба” вырашыла  адзначыць 10-годдзе свайго гурту, адкрыць гэтым канцэртам юбілейны тур.
Праграма складалася з трох аддзяленняў. Спачатку прагучалі новыя і самыя новыя кампазіцыі, дзве з якіх наогул выконваліся ўпершыню. Другое аддзяленне аказалася тэатральным, з песнямі-падзеямі, песнямі-перажываннямі, песнямі-спектаклямі – як і належыць сапраўднаму, класічнаму кабарэ. У апошняй частцы канцэрта прагучалі самыя вядомыя, правераныя часам песні.
Усё было непаўторна, і сёння я шкадую толькі пра адно: што канцэрт ужо адбыўся. Але ён столькі зрабіў для нашых сэрцаў, што я нават і не ведаю, з якой тэрапіяй гэта ўсё параўнаць. Творчасць “Серебряной свадьбы” як падарунак, як камплімент жыццю ў самых розных яго праявах, як цудадзейны штуршок у светлае будучае, у шчасце!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 87 ад 06.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *