Доска почёта Шумилинского района: Александр Антонов

Актуалии Молодёжь

З бацькавай навукай
Ён ніколі і не бачыў сябе ў другой прафесіі. Яшчэ ў школе вырашыў: будзе, як бацька, механізатарам. Вучыцца на гэту спецыяльнасць давялося лёгка, бо яшчэ школьнікам мог разабраць і сабраць трактар з закрытымі вачыма. “Бацькава навука”, –  з гордасцю кажа трактарыст-машыніст КУСГП “Сіроцінскі” Аляксандр Сяргеевіч Антонаў.
І калі ў гэтым годзе ў “Сіроцінскім” вылучалі кандыдатуру на раённую Дошку гонару, аднагалосна сышліся на “малодшым Антонаве”. Малодшым, бо яшчэ ў гаспадарцы працуюць механізатарамі Сяргей Мікалаевіч – бацька Аляксандра, і Віталь Мікалаевіч – дзядзька.
У Слабадзе кажуць пра маладога механізатара як пра сціплага чалавека, талковага спецыяліста, які вельмі добра разбіраецца ў тэхніцы. Памяркоўны і спакойны па характары, Аляксандр дапамагае і дае парады і больш сталым механізатарам. І яны прыслухоўваюцца да думкі маладога.
Мы задаём Аляксандру Антонаву нашы традыцыйныя пытанні.
–  Чым ганарыцеся?
–   Ганаруся, што дагнаў свайго бацьку. І па тэорыі ведання трактара, і па граматах і падзяках. Кожны год удзельнічаў у конкурсе маладых механізатараў, неаднойчы браў прызавыя месцы.
Ганаруся тым, што ажаніўся пяць гадоў таму, што мне трапілася добрая жонка. Дарэчы, Алеся па прафесіі аграном, так што сям’я наша, можна сказаць, сельскагаспадарчая. Даспадобы тое, што нам гаспадарка выдзеліла асобны дом, частку якога мы паспелі ўжо абставіць: купілі кухню і спальню.
Ганаруся тымі маленькімі дасягненнямі, якім навучыўся ад сваіх родных і самастойна: умею адрамантаваць кран і сабраць новую мэблю, умею нарыхтоўваць дровы, абыходзіцца з дрылем і сякерай. Умею даіць карову. Думаю, гэта ўменне спатрэбіцца ў будучым. Але пакуль з жонкай трымаем невялікую гаспадарку – парасят, курэй і качак.
– Пра што марыце?
– У мяне ёсць тры мары: вялікая, маленькая і тэхнічная.   Да вялікіх я адношу паездку на мора. Летам туды аніяк не вырвацца, бо ў прыпар  водпуску не выпрасіш. Але ўсё роўна думаю накапіць грошай і аднойчы зімой адправіцца з жонкай, ну, скажам, у Турцыю.
Сярод маленькіх мараў – купіць мэблю ў залу. Думаю, гэтая мара ажыццявіцца ў бліжэйшы час.
Апошняя мара – тэхнічная: хачу атрымаць новы энерганасычаны трактар, каб ён добра працаваў і не псаваўся. Каб на ім у гарачы сезон перавыконваць заданні па ворыву і сяўбе і зарабляць добрыя грошы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №89 ад 13.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *