Шумилинская районная гимназия — курс на Берлин, Амстердам, Париж, Прагу

Образование Общество

Незабыўны тур па Еўропе
Адна справа вывучаць далёкія краіны па падручніках ці кнігах, і зусім іншае, калі бачыць замежныя дзівосы на свае вочы. Нядаўна вучні і настаўнікі раённай гімназіі пабывалі ў туры па Еўропе. Мы наведалі Берлін, Амстэрдам, Парыж, Прагу.
Першым нас сустрэў Берлін – культурны цэнтр сучаснай Еўропы, у якім удала спалучаюцца сучасныя будынкі з будынкамі і нават цэлымі вуліцамі, якія захавалі сваё аблічча з 18-19 стагоддзяў. Мы пабачылі Берлінскі кафедральны сабор, Оперны тэатр, Брандэнбургскія вароты, будынак Рэйхстага. Усім вельмі спадабаўся Берлінскі заапарк, адзін з самых буйных у свеце –  тут утрымліваецца каля 17 тысяч розных жывёл.
Зусім іншыя ўражанні з’явіліся ў сталіцы Нідэрландаў Амстэрдаме. Утульны прыгожы горад раскінуўся на берагах ракі Амстэл. Сцены некаторых жылых дамоў уздымаюцца прама з вады, праз шматлікія каналы перакінуты мосцікі. Недарэмна Амстэрдам называюць паўночнай Венецыяй. Мы прагуляліся па плошчы Дам, схадзілі ў музей васковых фігур мадам Цюсо, пабачылі Каралеўскі палац.
Далей нас сустракала Францыя. Казачная краіна Дыснэйлэнд – гэты велізарны забаўляльны парк кампаніі “Уолт Дысней”. Не толькі дзеці былі ў захапленні ад вялікай колькасці атракцыёнаў. Асабліва запомнілася прыстанішча Рабінзона на галінах магутнага дрэва, востраў прыгод з лабірынтамі, пірацкі карабель, катанне на параходах у стылі вестэрн. Цікава было паглядзець парад герояў вядомых усім дыснееўскіх мультфільмаў. Нам здалося, што Дыснэйлэнд –  сапраўдны рай для дзяцей і дарослых.
Французская сталіца Парыж – адзін з буйнейшых гарадоў Еўрасаюза. Ён багаты на помнікі культуры і мастацтва. Елісейскія палі, самая доўгая парыжская вуліца Рыволі, Плошча Згоды, побач з якой знаходзіцца Луўрскі палац. Вельмі ўразілі легендарны Сабор Парыжскай Божай Маці на востраве Сітэ – шэдэўр сярэдневяковага мастацтва, і Эйфелева вежа. Мы з задавальненнем прагуляліся па кварталу мастакоў Манмартры.
Апошняй на шляху нашага падарожжа была Прага. 18  каменных і стальных мастоў злучаюць берагі ракі Влтавы, адзін з самых прыгожых – Карлаў мост. Шэдэўрам еўрапейскай культуры з’яўляецца сабор Святога Віта, будаўніцтва якога доўжылася амаль 600 гадоў.
Паездка была незабыўнай. Усе ўражанні ад яе нават не асэнсаваныя і застануцца з намі яшчэ доўгі час.
Настаўнікі замежнай мовы раённай гімназіі-інтэрната.
Надрукавана ў № 91 ад 20.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *