Хлебасольна, ярка і з размахам
У мінулую суботу, 27 верасня, галоўнае свята хлебаробаў «Зямля цяплом працы сагрэта» прымаў аграгарадок Кардон.
Больше фото и видео на наших страницах в социальных сетях.
У аграгарадку на ўсю ваколіцу гучалі любімыя беларускія песні, разносіўся водар смачных пачастункаў, не змаўкалі словы падзякі ў адрас віноўнікаў урачыстасці.
З ПАШАНАЙ ДА ТРАДЫЦЫЙ
Пачатку галоўнай падзеі свята – ушанаванню перадавікоў АПК Шуміліншчыны – папярэднічалі бяспройгрышная вясёлая сельгаслатарэя «Зерневая ліхаманка», конкурс маладых спецыялістаў АПК «Кашуля-хлопец», трактар-шоу «Трактарны трыятлон». Асаблівы антураж стваралі падворкі сельсаветаў, якія прэзентавалі местачковыя брэнды і здзіўлялі музычным запалам і цёплай гасціннасцю, шматлікія выставы, дэгустацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі.
Кіраўніцтва раёна і госці свята ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым землякам, пасля чаго адбылося ўрачыстае шэсце. Па цэнтральных вуліцах аграгарадка Кардон прайшлі кіраўніцтва раёна, дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў, артысты і героі сёлетняга жніва. Пад бурныя апладысменты ўдзельнікі прыбылі на галоўную канцэртную пляцоўку каля Кардонскай школы, дзе распачалася кульмінацыя свята — цырымонія ўзнагароджання.
АД ПОЛЯ ДА П’ЕДЭСТАЛА
«Прыміце шчырыя віншаванні ў сувязі з завяршэннем уборачнай кампаніі, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. – Сумленна працуючы ў полі і ў будні, і ў выхадныя, праяўляючы прафесіяналізм, адказнасць і гаспадарчыя адносіны да зямлі, хлебаробы дасягнулі вынікаў, нягледзячы на тое, што жніво было складаным. Вага раённага караваю складае 18700 тон зерня, азімага рапсу – 1635 тон, яравога – 535 тон. Мы пераканаліся ў тым, што поспех у сельскай гаспадарцы прыходзіць толькі да тых, хто найбольш аператыўна вырашаў пастаўленыя задачы, быў разваротлівым, строга захоўваў тэхналогіі».
Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама КУСГП «Ульскі» (дырэктар Уладзімір Касцюкоў) за першыя месцы па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, СФГ «Раднік» (кіраўнік Юрый Сямёнаў) – лідару па намалоце зерня і масланасення рапсу, механізатарам Сяргею Гоманаву з ААТ «АграБаравінка», які заняў першае месца ў раёне на намалоце зерня і рапсу, Валерыю Шэдзько з СФГ «Раднік» – лідару раёна па ўборцы шматгадовых траў, Генадзю Кралько з КУСГП «Ульскі» і Аляксандру Антонаву з ААТ «АграБаравінка» – за першыя месцы па перавозцы збожжа, Леаніду Голубеву з ААТ «Прыазёрны мір» – пераможцы на сушцы зерневых, зернебабовых і крыжакветных культур.
За другія і трэція месцы калектывы сельгаспрадпрыемстваў і асабіста механізатараў павіншаваў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў. Лепшыя працаўнікі вёскі атрымалі таксама граматы раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Цёплымі словамі і падарункамі ўшанавалі ветэранаў працы.
«КАШУЛЯ-ХЛОПЕЦ»
Нашы шумілінскія хлопцы ўмеюць многае: дадуць фору на трактары з плугамі, камбайн адрамантуюць, прыгатуюць сняданак, вершы прачытаюць і насякуць дроў. Гэта даказалі пяцёра ўдзельнікаў раённага конкурсу сярод маладых спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў «Кашуля-хлопец».
Пераможцай конкурсу стаў Уладзіслаў Міляк з УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». У намінацыі «Харошы, як ні круці» перамог Ігар Іваноў з КУСГП «Ульскі», у намінацыі «Старанне і напорыстасць» – Арцём Корзун з ААТ «АграБаравінка», у намінацыі «Секчы з пляча» – Кірыл Кірычэнка з СУП «Лаўжанскае». Прыз сімпатыі гледачоў дастаўся Уладзіславу Пратасевічу з ААТ «Прыазёрны мір».
ТРАКТАРНЫ ДРАЙВ
Другі год запар арганізатары свята прапанавалі гледачам відовішчнае трактар-шоу. Сёлета свае ўменні і навыкі дэманстравалі Раман Слямнёў («Прыазёрны мір»), Іван Цыбульскі («Ульскі»), Андрэй Хадзюкоў («Лаўжанскае») і Вячаслаў Дубінін («АграБаравінка»). Яны паказалі, што і на звычайных трактарах можна паказаць сапраўднае экстрэмальнае шоу з хуткасцю і драйвам, эмоцыямі і азартам.
Конкурс складаўся з фігурнага ваджэння, дзе трэба было праехаць, не зачапіўшы ніводнай перашкоды ў выглядзе рулонаў саломы, счэпкі (да трактара прычапіць прэс і праехаць з ім) і задання на «дэсерт» – гонкі перашкод.
Іван Цыбульскі зноў абышоў усіх, за што атрымаў ад райкама прафсаюза работнікаў АПК грашовы падарунак.
«ХЛЕБ – УСЯМУ ГАЛАВА»
16 караваяў ад устаноў адукацыі ўпрыгожылі святочную пляцоўку і сталі аднымі з самых яскравых момантаў раённых «дажынак». Выстава «Каравай-фэст» наглядна паказала, што шумілінцы не толькі шануюць хлеб, але і творча захоўваюць народныя традыцыі, пацвярджаючы ісціну «Хлеб – усяму галава».
ХТО СТАЎ ПЕРАМОЖЦАМ КОНКУРСУ «ВЕЛАДЗВІЖ» І СПАРТАКІЯДЫ?
У конкурсе малых архітэктурных формаў «Веладзвіж», праведзенага на свяце з нагоды Года добраўпарадкавання, перамаглі работы ТАА «Вітконпрадукт», калектыва Кардонскай СШ і УП ЖКГ Шумілінскага раёна. Усе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны дыпломамі.
Былі агучаны і вынікі спартакіяды сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Першае месца заняла каманда ААТ «АграБаравінка», другое – СУП «Лаўжанскае», трэцяе – КУСГП «Ульскі».
ЧЫЙ ПАДВОРАК ЛЕПШЫ?
На свяце хлебаробаў былі аб’яўлены вынікі традыцыйнага раённага конкурсу на «Лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан сельскіх населеных пунктаў». Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч уручыў дыпломы з грашовымі прэміямі пераможцам. Імі сталі: у намінацыі «Лепшы сельсавет» – Обальскі сельсавет, «Лепшы сельскі населены пункт» – в. Філіпенкі Сіроцінскага сельсавета, «Лепшы старэйшына» – Марыя Лялюга з в. Лялюгі Дабейскага сельсавета, Ганна Пляшкова з в. Полькавічы Каўлякоўскага сельсавета, Леангіна Бырысевіч з аг. Кардон Мікалаеўскага сельсавета, Ала Сафончык з аг. Башні Светласельскага сельсавета, Іван Апоркін з в. Зямцы Сіроцінскага сельсавета. Пераможцамі ў намінацыі «Дом узорнага парадку» сталі сем’і Пятра і Раісы Вікулавых з аг. Мішневічы, Казіміра і Леакадзіі Галімскіх з Дабеі, Аляксея і Ніны Фядураў з Убоіна. У гэтай жа намінацыі адзначаны сядзібы Валерыя і Валянціны Жандаравых з Добрына, Юрыя і Святланы Снітко з Полькавіч.
Вечарам жыхароў Кардона і блізляжачых вёсак чакалі танцы ў клубе і святочны феерверк.
Раённыя дажынкі атрымаліся хлебасольнымі, яркімі і мнагалюднымі. Над арганізацыяй свята нямала папрацавалі работнікі культуры, гандлю, прадстаўнікі мясцовых выканкамаў, аддзелаў ідэалогіі, эканомікі, адукацыі, сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, рамеснікі і прадпрымальнікі. Усіх складана пералічыць. І гэта ў чарговы раз пацвердзіла – разам мы здатныя і хлеб убіраць, і святы адзначаць, і лепшых работнікаў ушаноўваць.
Фотарэпартаж рыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.








