Вы спрашивали, что включается в рабочее время

Общество Экономика

Што ўключаецца ў рабочы час?

? Ці ўключаецца ў рабочы час – час, неабходны на здачу (атрыманне) інструмента ці матэрыялаў, а таксама час на дарогу ад месца выканання работ да месца прыёму ежы?

На пытанне па аплаце працы адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана ВАЛЕКАВА.
– Згодна з арт. 57 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) вызначана, што заработная плата – гэта ўзнагароджанне за працу, якую наймальнік павінен плаціць работніку за выкананую работу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоў працы і кваліфікацыі работніка з улікам фактычна адпрацаванага часу, а таксама за перыяды, уключаемыя ў рабочы час.
У адпаведнасці з арт. 110 ПК у рабочы час уключаецца час, на працягу якога работнік у адпаведнасці з працоўным, калектыўным дагаворамі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку абавязаны знаходзіцца на рабочым месцы і выконваць свае працоўныя абавязкі, а таксама час работы, выкананай па прапанове, распараджэнні ці з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу (звышурочная работа, работа ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні).
Пры гэтым артыкулам 133 ПК устаноўлена, што рабочы час складаецца з адпрацаванага і неадпрацаванага часу, які ўключаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам у рабочы час.
Фактычны рабочы час улічваецца з моманту яўкі работніка на месца выканання работы і да моманту фактычнага вызвалення ад работы ў гэты рабочы дзень (змену).
Як фактычна адпрацаваны павінен улічвацца час выканання асноўных і падрыхтоўча-заключных аперацый (атрыманне нараду, матэрыялаў, інструментаў, азнаямленне з тэхнікай, дакументацыяй, падрыхтоўка і ўборка рабочага месца, здача гатовай прадукцыі і інш.), перапынкаў, прадугледжаных тэхналогіяй, арганізацыяй працы, правіламі тэхнічнага нармавання і аховы.
У фактычны час не ўваходзіць і не ўлічваецца час праезду ад месца жыхарства да месца работы і назад, час, неабходны на дарогу ад прахадной да рабочага месца, на пераапрананне перад пачаткам і пасля заканчэння работы, на рэгістрацыю пры ўходзе.
Згодна з арт. 134 ПК прадастаўляемы работніку на працягу рабочага дня перапынак для адпачынку і харчавання выкарыстоўваецца ім па ўласным меркаванні і ў рабочы час не ўключаецца. Час пачатку і заканчэння работы, устаноўлены ў правілах унутранага працоўнага распарадку, з’яўляецца пачаткам і заканчэннем рабочай змены.
Такім чынам, калі работніку ўстаноўлены рэжым работы: штодзённы рабочы час – з 8.00 да 16.45, абедзены перапынак – з 12.00 да 12.40, то знаходзіцца на рабочым месцы яму неабходна з 8.00 да 12.00 і з 12.40 да 16.45.
Калі час, неабходны на здачу (атрыманне) інструмента і матэрыялаў і час на дарогу да месца прыёму ежы не з’яўляюцца падрыхтоўча-заключнымі аперацыямі, прадугледжанымі дзеючай тэхналогіяй і арганізацыяй вытворчасці, то яны не ўключаюцца ў фактычна адпрацаваны час.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 92 ад 24.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *