На районном координационном совещании обсудили выполнение Декрета №18

Общество Семья

Павысіць адказнасць спецыялістаў на месцах
На раённай каардынацыйнай нарадзе па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях” у цэнтры ўвагі былі пытанні работы з абавязанымі асобамі і паўнаты кампенсацыі імі дзяржаўных выдаткаў на ўтрыманне дзяцей.
Начальнік раённага аддзела прымусовага выканання Алена Гімбіцкая расказала пра тыя захады, што робіць аддзел у адносінах да абавязаных асоб, каб яны паўней вярталі ў бюджэт грошы, па зніжэнні запазычанасці абавязаных, вызначыла асноўныя праблемы ў гэтай рабоце. Большасць праблем звязана з нізкімі заробкамі абавязаных, з прагуламі, якія яны здзяйсняюць. Дакладчык выказаў заўвагі да некаторых прадпрыемстваў, дзе не наладжана на належным узроўні работа з абавязанымі. Справаздачу трымалі кіраўнікі асобных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у якіх дапускаюць пратэрміноўку пералічэння ў бюджэт сродкаў ад абавязаных асоб.
У ходзе абмеркавання пытання адзначалася, што сітуацыя на кожным прадпрыемстве залежыць ад адносін кіраўнікоў і адказных спецыялістаў на месцах. Прыводзіліся прыклады, што калі за абавязанымі ўстаноўлены жорсткі кантроль, іх прымушаюць аператыўна адпрацоўваць прагулы,  забяспечваюць дадатковай работай – адпаведна і сітуацыя з пагашэннем дзяржаўных выдаткаў абавязанымі ў норме. А вось дзе кіраўнікі і спецыялісты да гэтай работы ставяцца фармальна – там і з’яўляюцца даўгі, якія потым растуць як снежны ком.
У якасці станоўчага прыкладу была названа работа “Шумілінскага лясгаса”. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава расказала пра вынікі праверкі прадпрыемства, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Доктарава падзялілася вопытам работы.
На нарадзе былі заслуханы справаздачы аб выкананні папярэдніх рашэнняў, вызначаны пытанні для абмеркавання на наступным пасяджэнні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 16.12.2016г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *