Доска почёта Шумилинского района: Игорь Тимощенко

Актуалии Здоровье Общество

“Урач – гэта лад жыцця”


На Дошцы гонару Шумілінскага раёна сярод іншых старанных працаўнікоў мы бачым партрэт Ігара Іванавіча Цімошчанкі, урача фтызіятра Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Што чытачу расказаць пра яго? Тое, што ён добры спецыяліст, сведчыць прызнанне яго работы на раённым і абласным узроўнях. Дададзім, што ён сціплы, старанны, умее быць спагадлівым і ладзіць з людзьмі. Яшчэ, што не любіць стаяць на авансцэне і збіраць удзячнасці, умее радавацца простым чалавечым радасцям. “Проста жыву і проста працую” – коратка характарызуе сваё жыццёвае крэда Ігар Іванавіч.
У медыцыне ён 30 гадоў і ўвесь гэты час – у Шуміліне. Пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта Ігар Іванавіч і Таццяна Мікалаеўна Цімошчанкі па размеркаванні павінны былі ехаць у Глыбокае. Але пакуль закончылі інтэрнатуру, расказвае Ігар Іванавіч, у Глыбокім месца занялі, і Таццяна Мікалаеўна пацягнула маладога мужа ў родны Шумілінскі раён, прад’яўляючы важкі аргумент: у Шуміліне пабудавана новая бальніца, ёсць выдатныя ўмовы для работы.
Так нам пашанцавала на двух выдатных спецыялістаў, двух тэрапеўтаў. Пазней Тацццяна Мікалаеўна асвоіла спецыяльнасць неўролага, Ігар Іванавіч – фтызіятра і аператара ўльтрагукавой дыягностыкі.
Спецыяльнасць фтызіятра ўтрымлівае пэўныя рызыкі: спецыяліст мае  кантакт з хворымі на туберкулёз, з прадстаўнікамі, скажам па праўдзе, маргінальнага слою насельніцтва. Існуе верагоднасць заразіцца.
“І тэрапеўт можа заразіцца грыпам, – парыруе мой субяседнік, – і, наогул, здаўна прафесія ўрача цесна звязана з рызыкай”.
Што датычыць непасрэдна туберкулёзу, то ў Шумілінскім раёне зараз зарэгістравана каля 20 чалавек з актыўнымі відамі захворвання, расказаў раённы фтызіятр. Паведаў і пра тое, што зараз расце колькасць устойлівых да супрацьтуберкулёзных прэпаратаў відаў. Іх цяжка лячыць, асабліва калі чалавек сам таго не хоча. Тым не менш медыкі імкнуцца аператыўна выяўляць новыя ачагі, у першую чаргу з дапамогай флюараграфіі, якую штогод праходзіць да 90% насельніцтва раёна. А тых, хто сам не хоча лячыцца, адпраўляюць на лячэнне прымусова. Але і пасля лячэння, калі чалавек не шануе здаровы лад жыцця, хвароба можа вярнуцца, кажа ўрач.
Каля дваццаці год Ігар Іванавіч займаецца і ўльтрагукавой дыягностыкай. За гэты час зрабіў вывады, што ў пацыентаў стала болей  выяўляцца панкрэатытаў, халецыстытаў, усялякіх жоўце-каменных хвароб. На думку ўрача, гэта звязана найперш з няправільным харчаваннем, з тым, што людзі зараз менш ядуць гародніны і іншай карыснай ежы, менш рухаюцца.
Сам жа ўрач вельмі любіць актыўны адпачынак, рыбалка і паляванне даюць яму сілы і натхненне, ды і цешчына дача ў Пабедзе дадае актыўнасці.
На шумілінскай зямлі расце яшчэ адно пакаленне Цімошчанкаў – Ігар Іванавіч і Таццяна Мікалаеўна вырасцілі сына і дачку, цяпер цешацца на двухгадовую ўнучку Ксюшу. Хто ведае, можа і яна ў свой час прыйдзе ў медыцыну. Ва ўсялякім разе медыцынскую тэрміналогію яна будзе асвойваць з дзяцінства, бо  кансіліумы па дыягностыцы і лячэнні той ці іншай хваробы ў доме Цімошчанкаў праходзяць пастаянна.
“Нашу работу немагчыма пакінуць у сценах бальніцы, – кажа Ігар Іванавіч, – таму што ўрач – гэта лад жыцця”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №46 ад 16.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *