Доска почёта Шумилинского района: Сергей Загнетов

Актуалии Экономика

Больш за 30 год – на ОКЗ
У працоўнай кніжцы Сяргея Леанідавіча Загнетава толькі адно месца работы – Обальскі керамічны завод. Трыццаць гадоў назад пасля заканчэння Полацкага палітэхнічнага інстытута Сяргей Леанідавіч уладкаваўся на працу майстрам рамонтна-будаўнічага цэха ОКЗ, а праз пяць год стаў яго начальнікам. Калегі адзначаюць прафесійныя якасці Сяргея Леанідавіча,  яго тактоўнасць і ўраўнаважанасць, уменне выслухаць і зразумець. Тое, што прозвішча начальніка рамонтна-будаўнічага цэха Сяргея Леанідавіча Загнетава занесена на раённую Дошку гонару, факт прызнання яго плённай і шматгадовай працы.
– Чым ганарыцеся?
– Найперш ганаруся сям’ёй. Са сваёй жонкай Марынай мы разам амаль дваццаць пяць гадоў. Мы змаглі захаваць і каханне, і ўзаемапавагу адзін да аднаго. Ганаруся нашымі дочкамі, старэйшая Насця – студэнтка пятага курса медуніверсітэта, малодшая Алена закончыла з залатым медалём раённую гімназію і зараз вучыцца ў БДУ.
Зразумела, як карэнны абальчанін ганаруся  Обальскім керамічным заводам. Прыемна разумець, што безліч дамоў пабудавана з цэглы завода, на якім адпрацаваў амаль трэць стагоддзя. Адчуваю гонар за тое, што обальская цэгла выкарыстоўвалася на рэканструкцыі Аўгустоўскага канала і на будаўніцтве  храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве.
– Пра што марыце?
– Хочацца, каб дочкі закончылі ўніверсітэты, выйшлі замуж і падарылі нам з Марынай унукаў.
Ёсць і яшчэ адна  мара. Хачу дабудаваць дачу. І каб ля яе быў вялікі яблынева-грушавы сад. Сёння там гатункаў пятнаццаць яблыкаў і груш, а  хачу, каб было мінімум трыццаць. І каб мы ўсёй сям’ёй летнімі вечарамі як мага часцей збіраліся там.
Безумоўна, веру ў Обальскі керамічны завод. Мару, што пасля яго мадэрнізацыі зноў будзем выпускаць якасную і канкурэнтаздольную цэглу, з якой яшчэ пабудуюць шмат аб’ектаў як у Беларусі, так і за яе межамі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №93 ад 27.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *