Слово делегату 42 съезда БРСМ Александру Хмарину

Актуалии

Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня
Знакавай падзеяй студзеня для моладзі нашай краіны стаў 42-і з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, які даў старт Году моладзі. На працягу двух дзён – 19 і 20 студзеня – моладзь трымала свайго роду экзамен перад дзяржавай і грамадствам.
У фармаце адкрытага дыялогу вялася размова на самыя актуальныя і надзённыя тэмы, уносіліся канструктыўныя ідэі і прапановы, агучваліся амбіцыйныя планы. Форум аб’яднаў маладых людзей усёй краіны. Для маладога пакалення была важнай ацэнка яго дзейнасці  Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. А таксама пачуць, якія даручэнні, якія напрамкі работы вызначыць кіраўнік краіны для моладзі.
У рабоце з’езда прынялі ўдзел 1000 дэлегатаў. Наш раён прадстаўлялі першы сакратар райкама ГА БРСМ Аляксандр Хмарын і Юлія Яфрэмава.
Сваімі ўражаннямі з маладзёжнага форуму дзеліцца Аляксандр Хмарын.
Пра з’езд
Мерапрыемства вельмі спадабалася, уразіла сваёй неардынарнасцю, свежым падыходам і поглядам на тое, у якім фармаце павінен праходзіць маладзёжны форум.
У першы дзень на плошчы Перамогі прайшла грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы помнім і ганарымся!”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Удзельнікі форуму ўсклалі вянкі і кветкі да манумента, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля прэм’еры мастацкай стужкі “Дзяржаўная мяжа. Фільм дзявяты: Кур’еры страха” сустрэліся з аўтарам сцэнарыя Валерыем Залужным, рэжысёрам Ігарам Чацверыковым, генеральным дырэктарам “Беларусьфільма”  Алегам Сільвановічам, акцёрамі.
Насычаным атрымаўся другі дзень. У Палацы Рэспублікі адбыўся адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Былі падведзены вынікі работы грамадскай арганізацыі за тры гады, унесены змяненні ў статут арганізацыі, прайшлі выбары новага кіраўніцтва
Цэнтральнай падзеяй форуму стала выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў дзейнасць арганізацыі, акрэсліў перспектыўныя накірункі работы БРСМ.
Прэзідэнту ўручылі сімвал новага рэспубліканскага патрыятычнага праекта  “Кветкі Вялікай Перамогі” – чырвона-зялёную стужку з кветкай яблыні, якая сімвалізую пераможны май  1945-га і асацыіруецца з вялікім пачуццём усенароднай радасці, гонару і шчасця, з водарам квітнеючых яблынь. Яблыневая кветка – сімвал вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця.
Сярод выступоўцаў адзначу пераможцу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” студэнта БДУ Паўла Бацылева, які распрацаваў дадатак для мабільнага тэлефона “Я. Ты. Ён. Яна”, які можа стаць беларускім адказам на папулярныя сацыяльныя сеткі.
Планы на будучае
З’езд адобрыў  работу грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” за апошнія тры гады. Работа вялася па пяці асноўных накірунках. Як паказала практыка, гэтыя напрамкі цікавыя і карысныя моладзі, таму, зразумела, работа па іх будзе весціся і далей.
Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Моладзь  –  будучае краіны. Для нас, маладых, гэта не пустыя словы.  Добра вядомы кожнаму нашы рэспубліканскія акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”,  “Квітней, Беларусь!”, “Да абароны Айчыны – гатовы!”, “Дзякуй за Перамогу!”.
Другасная занятасць. Гэты накірунак звязаны  не толькі са студэнцкай моладдзю, а і з вучнёўскай.  Так, нашы шумілінскія падлеткі летам працавалі ў сельгаспрадпрыемствах, будаўнічых арганізацыях. Прадоўжыцца гэта работа і надалей. А студэнтам прапануецца багаты выбар студатрадаў – сэрвісных, педагагічных, будаўнічых, сельскагаспадарчых, экалагічных, якія працуюць як у Беларусі, так і за яе межамі. Усебеларускай маладзёжнай будоўляй было аб’яўлена будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Валанцёрскі рух “Добрае  сэрца” набывае папулярнасць у моладзі. Нашы валанцёры ўдзельнічаюць у акцыях “Ветэран жыве побач”, “Мой падарунак ветэрану”, “Калядная ёлка – нашы дзеці” і інш. На з’ездзе былі агучаны новаўвядзенні – з’яўленне  валанцёрскай кніжкі. Мяркуецца, што валанцёрскі стаж будзе занесены ў агульны працоўны, з такім дакументам будзе прасцей  працаўладкавацца,  магчыма, і паступіць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Арганізацыя вольнага часу. Дзень моладзі на “Славянскім базары” стаў своеасаблівай візіткай творчай моладзі краіны. Традыцыйнымі сталі конкурсы на лепшую пярвічку, спартакіяды актыву грамадскага аб’яднання “Моладзь за здаровы лад жыцця”, ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”.
Работа ў інтэрнэт-прасторы. У віртуальным свеце фарміруецца светапогляд сённяшняга маладога пакалення. Моладзь – гэта тая частка грамадства, якая лёгка паддаецца чужой думцы, не заўсёды разумеючы, што сапраўды добра, а што дрэнна. І задача БРСМ фарміраваць беларускую інтэрнэт-прастору.  Ужо сёння суполка “Шумілінская арганізацыя ГА БРСМ” у сацыяльнай сетцы “УКантакце” паказала сваю жыццяздольнасць. Групы БРСМ з’явяцца ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках.
На з’ездзе агучаны і два новыя накірункі работы. Рэспубліканскі праект “100 ідэй для Беларусі” яшчэ раз падкрэсліў, што моладзі цікава ўсё новае і інавацыйнае. Таму і быў асобна вылучаны новы накірунак – падтрымка і развіццё інавацыйнай і навуковай дзейнасці.
Яшчэ адзін новы напрамак – міжнароднае  маладзёжнае супрацоўніцтва. У першую чаргу гэта супрацоўніцтва з маладзёжнымі структурамі Расіі, краін СНД, краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Еўрапейскага Саюза. Тут хочацца адзначыць конкурс “Уладар сяла” (дарэчы, даў жыццё гэтаму конкурсу Глыбоцкі райкам ГА БРСМ), які летась стаў міжнародным і прайшоў у Астане (Казахстан), а таксама работу студатрадаў у Краснадарскім краі, Маскве, Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе.
Маладзёжны форум не толькі вызначыў стратэгію работы з моладдзю, а і даў упэўненасць у тым, што ідэі, пачынанні маладых будуць падтрыманы на самым высокім ўзроўні  краіны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з галоўных задач БРСМ – знаходзіць і вырошчваць  лідараў, а стаўка на амаладжэнне кадраў – не проста словы, а палітыка дзяржавы, якая павінна ахапіць усе сферы дзейнасці.
Размаўляў Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №8 ад 30.01.2015 г.



1 комментарий по теме “Слово делегату 42 съезда БРСМ Александру Хмарину

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *