На заседании Шумилинского райисполкома: работа с обязанными лицами, молодёжная политика в регионе

Актуалии Общество

Нашы дзеці маюць права на клопат

У пятніцу 27 лістапада прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім абмяркоўвалі пытанне кампенсавання бацькамі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, працаўладкавання абавязаных асоб, якія жывуць у Шумілінскім раёне. Таксама гаварылі пра работу, якая праводзіцца з моладдзю ў рамках Года моладзі.

Пасяджэнне правёў старшыня райвыканкама Уладзімір Куранны. На пасяджэнні прысутнічала Марына Уласенка, намеснік начальніка ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.

“Гэта нашы з вамі дзеці, і мы абавязаны зрабіць усё, каб ім дапамагчы,” – выказаўся, адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама. Са свайго боку ён бачыць выйсце ва ўдасканаленні вытворчай і сацыяльнай сферы ў рэгіёне, адкрыцці новых працоўных месцаў, каб кожны мог працаваць, забяспечваць дабрабыт сваёй сям’і.

Сітуацыю ў раёне прадметна прааналізавала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч. Яна расказала, што зараз на тэрыторыі раёна жыве 104 абавязаныя асобы, 74 з якіх працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Зразумела, што за гады існавання Дэкрэта №18 у раёне выпрацавалася дакладная сістэма дзеянняў. Многае даведзена да аўтаматызму.

Напрыклад, не ўзнікае пытанняў з прадастаўленнем арганізацыямі транспарту для РАУС, з працаўладкаваннем такіх асоб, з іх медыцынскім абслугоўваннем, многім прадастаўлена магчымасць адпрацаваць свае прагулы ў выхадныя. Але ж там, дзе адкрываецца зона адказнасці саміх абавязаных, і пачынаюцца галоўныя праблемы. Гэтыя людзі п’юць, прагульваюць, не праяўляюць зацікаўленасці ні да свайго лёсу, ні да лёсу сваіх дзяцей. Было адзначана, што па колькасці прагулаў, якія здзяйсняюць абавязаныя, наш раён у вобласці лідзіруе, адтуль жа – і запазычанасць па выплатах: збіраецца крыху больш за 55% ад належнай сумы.

Не дазваляюць у поўнай меры пакрываць расходы дзяржавы і невялікія заробкі абавязаных. Справа ў тым, што расходы на ўтрыманне аднаго дзіцяці складаюць у сярэднім каля двух мільёнаў, а сярэдняя зарплата абавязаных, напрыклад, за верасень склала 2 мільёны 484 тысячы рублёў, а ў сельскай гаспадарцы і наогул – 2 мільёны 28 тысяч. У гэтай сувязі варта заўважыць, што адно дзіця маюць толькі 57 абавязаных, у астатніх іх па двое і больш, у 12-ці бацькоў больш чым па трое дзяцей.

Вось і выходзіць, што ў поўным аб’ёме пакрываюцца расходы толькі ў адносінах пяці дзяцей сямю бацькамі. Такая сумная арыфметыка. Але зноў жа сітуацыя не была б такой катастрафічнай, калі б гора-бацькі не ўхіляліся ад работы, праяўлялі хоць нейкую зацікаўленасць далейшым жыццём.

З такімі асобамі дастаткова цяжка весці прафілактычную работу, тым не менш ва ўсіх працоўных калектывах вызначаны адказныя, складзены планы работы з кожнай абавязанай асобай. Дарэчы, абсалютная большасць такіх асоб – жанчыны.

Уладзімір Куранны патрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый канкрэтных прапаноў па змяншэнні даўгоў абавязаных перад дзяржавай і наогул, па выпраўленні сітуацыі ў раёне ў плане злоўжывання многімі людзьмі спіртным і адмаўлення імі здаровага ладу жыцця.

Другім пытаннем на парадку дня была справаздача Шумілінскай раённай арганізацыі ГА БРСМ аб рабоце, якая праводзіцца з моладдзю ў рамках Года моладзі. Кіраўнік раёна ўбачыў цесную сувязь паміж двума, вынесенымі на абмеркаванне актыву раёна, пытаннямі.

Першы сакратар раённай арганізацыі ГА БРСМ Аляксандр Хмарын расказаў, што раённая арганізацыя налічвае 1093 члены, якія аб’яднаныя 51-ой пярвічнай арганізацыяй (гэта амаль 40% ад усёй моладзі раёна). Дарэчы, на Шуміліншчыне пражывае 3050 чалавек, якім ад 14 да 31 года, і якія могуць “афіцыйна” лічыць сябе маладымі. За 10 месяцаў гэтага года новымі членамі БРСМ сталі 108 чалавек.

Хмарын заўважыў, што дзейнасць арганізацыі ідзе па наступных накірунках: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, другасная занятасць, валанцёрскі рух “Добрае сэрца”, культурная дзейнасць і арганізацыя вольнага часу, работа ў інтэрнэт-прасторы і са сродкамі масавай інфармацыі. Першы сакратар падрабязна расказаў пра тое, што было зроблена сёлета па кожным з гэтых накірункаў. Гэта актыўны ўдзел моладзі ў выбарах Прэзідэнта Беларусі, святкаванні 70-годдзя Перамогі, удзел у іншых маштабных раённых святах і мерапрыемствах, арганізацыя работы студатрадаў, правядзенне разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў (“Школьны марафон”, “Уладар сяла”) і шмат чаго яшчэ. Аляксандр Хмарын заўважыў, што ўсе запланаваныя ў рамках Года моладзі мерапрыемствы ў цэлым выкананы.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу на тое, што больш актыўнай павінна быць работа менавіта з працуючай моладдзю. Сёння ў радах маладзёжнай арганізацыі больш за 700 чалавек менавіта працуючай моладзі, і толькі 392 маладыя чалавекі, якія яшчэ вучацца. А калі прааналізаваць накіраванасць праведзеных мерапрыемстваў, то можна заўважыць, што большасць з іх адрасавана навучэнцам. У гэтай сувязі асаблівая ўвага была завострана на арганізацыі работы добраахвотных дружын. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вячаслаў Емяльянаў запэўніў, што ў снежні пачне працаваць добраахвотная дружына раённага выканаўчага камітэта.

Па выніках работы было вырашана прыняць рашэнні па абодвух пытаннях з улікам выказаных заўваг.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў № 94 ад 01.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *